Па 100 выпадкаў пнеўманіі штодня — сітуацыя з COVID-19 у Брэсце
Брэсцкі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі прызнаў напружанай эпідэміялагічную сітуацыю ў горадзе. Адпаведная абвестка з'явілася на сайце гарвыканкама. "У горадзе адзначаецца пік захворвання", — кажуць спецыялісты пра каранавірусную інфекцыю.
Штодня з пнеўманіяй шпіталізуюць больш за 100 чалавек. Нагадаем, што паводле распараджэння Мінздароўя шпіталізацыю прызначаюць толькі ў выпадку цяжкіх пнеўманій — лёгкія і сярэднія трэба лекаваць дома.
У Брэсце пацыентаў з пнеўманіямі шпіталізуюць у цэнтральную гарадскую лякарню і гарадская лякарню №1. Па словах дактароў, месцаў для шпіталізацыі цяпер дастаткова.
Пры гэтым спецыялісты адзначаюць, што частка насельніцтва недастаткова сур'ёзна ставіцца да мераў прафілактыкі: "Так, нават у крамах і ў грамадскім транспарце толькі частка людзей выкарыстоўваюць маскі".
Гараджанам рэкамендуюць абмежаваць наведванне месцаў масавага збору людзей, паходы ў госці. Таксама рэкамендуецца не выязджаць у іншыя рэгіёны, выбірацца толькі на працу і назад, у краму і пры неабходнасці ў аптэку.
"Пры наведванні крамаў, гандлёвых цэнтраў, аптэк і іншых месцаў збору людзей выкарыстоўваць маскі, выконваць сацыяльнае дыстанцыяванне 1,5 м адзін ад аднаго, карыстацца антысептыкамі, абавязкова выкарыстоўваць маскі ў грамадскім транспарце", — рэкамендуюць спецыялісты.
Паводле афіцыйных звестак на 3 чэрвеня, у Беларусі каранавірус дыягнаставалі ў 45 116 чалавек. 248 пацыентаў памерла, вылечыліся і былі выпісаныя 20 171.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.