Па Брэсце ездзіў абклеены рэкламай мікрааўтобус, які агітаваў за Лукашэнку
Абклеены рэкламай мікрааўтобус “Фольксваген” ездзіў па Брэсце і агітаваў за Аляксандра Лукашэнку.
Сябра руху “За свабоду” Дзяніс Турчаняк звярнуў увагу на тое, што нумары транспартнага сродка заклееныя і патэлефанаваў у Дзяржаўтаінспекцыю.
Каля рынка “Лагуна” ў мікрараёне Кавалёва на вадзіцеля быў складзены пратакол. Аб’явілася і пасажырка, загадчыца ідэалагічнага аддзела гарвыканкама Ала Старыкевіч.
Дзяніс Турчаняк патлумачыў:
"Я звярнуўся ў пракуратуру Маскоўскага раёна горада Брэста са скаргай, бо ў мяне як назіральніка склалася ўражанне, што гэты аўтобус належыць да аўтапарку гарвыканкама. А ў артыкуле 45 Выбарчага заканадаўства дакладна прапісана, хто можа займацца агітацыяй. Выканаўчай улады там няма. Значыць, за грошы падаткаплатнікаў піярылі кандыдата Лукашэнку".
Па словах спадара Турчаняка, інспектар ДАІ хоць і склаў пратакол, але адмовіўся змушаць кіроўцу мікрааўтобуса Сяргея раскрыць нумары. Тады назіральнікі паехалі следам за бусам і пры нагодзе зрабілі гэта самі. Нумар транспартнага сродка АА 4848-1.