Па факце загарання жанчын у кавярні расследуецца крымінальная справа (ВІДЭА)

Па факце загарання жанчын у кавярні расследуецца крымінальная справа (ВІДЭА)

У пачатку кастрычніка Еўрарадыё расказвала гісторыю пра тое, як дзве жанчыны загарэліся ў бабруйскай кавярні “Дольчэ Віта”. Сёстры Галіна Голуб і Людміла Лацук успыхнулі, як тыя бенгальскія агні, падчас падачы шашлыкоў. 

На момант публікацыі сюжэту крымінальная справа распачатая не была. А дырэктар “Дольчэ Віты” нават паведаміў Еўрарадыё пра намер звярнуцца ў суд, каб пакараць абедзвюх сясцёр за паклёп. Маўляў, абгарэлі не так моцна, як расказваюць.

На наступны дзень пасля выхаду матэрыялу ў кавярню прыехала інспекцыя з МНС. Следчы камітэт у хуткім часе таксама распачаў крымінальную справу. 

“Нас з сястрой накіравалі да судмедэксперта, у якога мы пабывалі двойчы. Нашы апёкі прызналі менш цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі. У Следчым камітэце нам сказалі, што дырэктар кавярні прызнаў віну і чакае суду”, — распавядае Еўрарадыё 44-гадовая Людміла Лацук, адна з пацярпелых. 

На шчасце, жанчыны не атрымалі калецтваў. Але на фотаздымках сляды ад апёкаў выглядаюць страшна, Еўрарадыё не наважылася публікаваць гэта буйным планам. Мінула каля трох месяцаў, а рубцы ад апёкаў, як кажуць пацярпелыя,  канчаткова не загаіліся.

Сёстры выставілі кавярні кампенсацыі за маральныя страты. Сумы выглядаюць невысокімі: 35 і 45 мільёнаў рублёў.

“Атрымалі мы і адказ з Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Адтуль паведамілі, што была праведзеная праверка і на кавярню накладзены штраф. Сума штрафу невядомая. Кавярні далі тэрмін на ліквідацыю ўсіх хібаў. Таксама ў адказе з МНС змешчаны пералік таго, што нельга рабіць у забаўляльных установах. Дык аказалася, што нават свечкі запальваць нельга”, — канстатуе Людміла Лацук.

Дзякуй Богу, што загаранне ў “Дольчэ Віце” не прывяло да трагічных наступстваў. Праз тры тыдні пасля здарэння ў Бабруйску пажар здарыўся ў адным з папулярных начных клубаў Бухарэста. Загінула больш за 50 чалавек. 

У 2009 годзе ў Пярмі праз пажар у начным клубе “Кульгавы конь” загінула 156 чалавек. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі