Па фактах масавых беспарадкаў у Беларусі ўзбуджана звыш 650 крымінальных спраў
Андрэй Швед / prokuratura.gov.by
Колькасць крымінальных спраў па фактах масавых беспарадкаў і гвалту ў дачыненні да праваахоўнікаў расце, заявіў у эфіры Беларускага тэлебачання генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед.
Калі ў пачатку кастрычніка такіх спраў было каля 400, у сярэдзіне месяца — больш за 500, то цяпер іх ужо 657. Абвінавачанымі па гэтых справах праходзяць каля 200 чалавек.
Па дзевяці справах ужо адбыліся суды.
"Па большасці з іх асобы асуджаныя да пазбаўлення волі, і далей такая практыка будзе працягвацца", — сказаў Швед.
Ён заявіў аб радыкалізацыі пратэстаў і ўслед за кіраўніком МУС Юрыем Караевым ужыў слова "вайна". "Па сутнасці справы, ідзе вайна, вайна, якая набыла ў апошнія некалькі тыдняў вельмі радыкальныя формы", — сказаў генпракурор.
Швед таксама распавёў, што па некаторых фактах вырашаецца пытанне аб кваліфікацыі спраў па артыкуле "Тэрарызм".
Раней беларускі КДБ кваліфікаваў як акт тэрарызму падпал будынка ДАІ ў Мазыры. Здарэнне адбылося ўначы 28 кастрычніка. Невядомы кінуў у акно бутэльку з гаручай вадкасцю. Выгарэў адзін з службовых пакояў, з людзей ніхто не пацярпеў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.