Па “праве крыві”: хто страціць права на карту паляка?

Па “праве крыві”: хто страціць права на карту паляка?

Дагэтуль, каб атрымаць карту паляка, было дастаткова падаць у польскае консульства або мазавецкаму ці беластоцкаму ваяводам архіўныя дакументы, якія пацвярджаюць польскае грамадзянства вашых продкаў. Скажам, калі ваш дзед з Заходняй Беларусі служыў ў польскім войску да 1939 года ці вашы дзед з бабуляй галасавалі на выбарах у міжваенны час, то цяпер выдача “Карты паляка” будзе абгрунтаваная не тым, што яны жылі ў даваеннай Польшчы, а выключна іх ці вашай польскай нацыянальнасцю.

У якіх дакументах можа быць пазначаная польская нацыянальнасць?

У беларускіх пашпартах адпаведнай графы няма. Калі ў вашым пасведчанні аб нараджэнні бацькі таксама не запісаныя палякамі, тады — надзея на нацыянальнасць дзядоў. І застаецца адзіны варыянт, што ў іх савецкіх пашпартах можа быць прапісаная нацыянальнасць “паляк”. Аднак і тут можа быць загваздка, распавядае гісторык Ігар Мельнікаў:

“Часта жыхарам Заходняй Беларусі пасля далучэння да БССР было выгадна запісвацца беларусамі, каб пазбегнуць рэпрэсій ў 1939-41 гадах”.

Цікавы факт: графы “нацыянальнасць” няма ні ў адным цяперашнім польскім  дакуменце, не было такой графы і ў дакументах міжваеннай Польшчы, хіба толькі ў першых версіях на пачатку 20-х гг. Дык як даказваць прыналежнасць да польскай нацыі? Хутчэй за ўсё, ніяк. У касцельных метрыках нацыянальнасці няма, там пазначанае веравызнанне, а католік усё ж не абавязкова паляк. 

У Польшчы да 1939 года існаваў яшчэ адзін дакумент — вайсковая картка: там ёсць графа “родная мова”, у якой можа быць пазначаная польская. Але ці задаволіць гэта польскіх чыноўнікаў, таксама пытанне. Працягвае даследчык Ігар Мельнікаў:

“Вось сітуацыя: 70 тысяч грамадзян Польшчы, сярод якіх былі,  вядома, і этнічныя беларусы, у першыя дні ІІ Сусветнай вайны абаранялі Польшчу ад нацысцкай Германіі. І што, цяпер іх нашчадкам не выдаваць дакумент, які спрашчае атрыманне візы?”

Ёсць і больш неадназначная сітуацыя: вашы продкі толькі за сваё польскае паходжанне былі дэпартаваныя ў 1939-41 гг. з Беларусі ў Казахстан альбо адседзелі ў лагерах, а то і загінулі там. Ці даваць іх нашчадкам “карту паляка”? Калі ў дакументах НКУС ці савецкіх пашпартах у іх была прапісаная нацыянальнасць “паляк”, то так. А калі не? Адказ даведаемся праз тыдзень, калі закон набудзе моц.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі