Па справе выхавальніка ў Шумілінскім раёне праходзіць 166 пацярпелых дзяцей
Шумілінскі дзіцячы садок №1
Па справе выхавальніка Шумілінскага дзіцячага садка №1 (Віцебская вобласць) праходзіць 166 пацярпелых дзяцей. Ён дамагаўся непаўналетніх на працягу 16 гадоў. Крымінальную справу цяпер разглядае суд, паведаміў у панядзелак генпракурор Андрэй Швед.
Паводле яго слоў, згаданы супрацоўнік дзіцячага садка з 2007 года "неаднаразова здзяйсняў у дачыненні да малалетніх гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару". На загадчыцу садка распачалі крымінальную справу за бяздзейнасць. Як сцвярджае Швед, яна "ігнаравала шматлікія скаргі бацькоў на падазроныя паводзіны выхавальніка".
42-гадовага педафіла затрымалі ў 2023-м. Следчы камітэт паведамляў, што яго ўдалося выявіць у Віцебску. Адзначалася, што пацярпелі 93 хлопчыкі і 73 дзяўчынкі. Установа адукацыі Віцебскай вобласці, дзе да лютага 2023 года працаваў мужчына, не называлася.
Следчыя распавялі, што мужчына быў упэўнены ў беспакаранасці, дзяцей пагрозамі прымушаў маўчаць. Усе свае злачынствы ён здымаў на мабільны тэлефон. Было знойдзена больш за 450 Гб фота- і відэафайлаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.