Па старым тэлевізары без прыстаўкі яшчэ месяц можна глядзець 4 тэлеканалы
З сённяшняга дня Беларусь перайшла на лічбавае тэлевяшчанне.
З 15 траўня наша краіна перайшла на наземнае лічбавае тэлевяшчанне. Аналагавае эфірнае тэлевізійнае вяшчанне ў дэцыметровым дыяпазоне хваляў будзе канчаткова спынена.
Для прыёму агульнадаступнага пакета тэлепраграм цяпер неабходны тэлевізар з падтрымкай стандарту DVB-T і фармату кадавання MPEG-4 або лічбавая тэлевізійная прыстаўка з аналагічнымі параметрамі, якая падключаецца да звычайнага тэлевізара.
Для інфармавання беларусаў пра пераход на лічбавае эфірнае тэлевяшчанне стварылі службу даведкі (нумар 172). Там Еўрарадыё распавялі, што адключэнне аналагавага тэлебачання датычыцца толькі каналаў у дэцыметровым дыяпазоне, якія прымаюцца па звычайнай вулічнай тэлевізійнай антэне. Кабельнае тэлебачанне працягвае працаваць як у лічбавым так і аналагавым рэжыме.
“Яшчэ на працягу месяца будзе паказваць 4 каналы — Беларусь-1, АНТ, РТР і СТВ”, — патлумачылі Еўрарадыё.
Гэта тэлеканалы, якія ідуць у метровым дыяпазоне. Калі ў вас стары тэлевізар без магчымасці прымаць лічбавы сігнал і без прыёмніка, і вы прымаеце тэлебачанне праз вулічную антэну, то ад сёння ён будзе паказваць толькі 4 тэлеканалы.
Фота: Fotolia