Па ўзроўні дыяксіду серы ў паветры Мінск падобны на кітайскія прамысловыя цэнтры

Па ўзроўні дыяксіду серы ў паветры Мінск падобны на кітайскія прамысловыя цэнтры

У сераду, 9 снежня, на кліматычнай канферэнцыі ў Парыжы прынялі чарнавік усеагульнага кліматычнага пагаднення.

Паводле яго кожныя пяць гадоў будуць узгадняцца памеры ўзносаў у фонд дапамогі эканамічна слабым краінам. З 2020 года ён будзе выдзяляць 100 млрд долараў бедным краінам на барацьбу з наступствамі змяненняў клімату.

У папярэдней версіі пагаднення таксама прапісана, што квоты па выкідах у атмасферу будуць пераглядацца раз у пяць гадоў.

Колькі выкідаў у атмасферу паступае з беларускіх гарадоў і наколькі мы падобныя ў гэтым на іншыя індустрыяльныя цэнтры планеты?

Напрыклад, утрыманне дробнадысперсных часцінак РМ10 у Мінску вельмі нізкае. 9 снежня яно было роўнае 7-29 мкг/м³. Для параўнання, у паветры кітайскага горада Чунцына раніцай 10 снежня гэты паказчык дасягаў 612 мкг/м³, у Шанхаі — 61, у Анкары — 75, у Лондане — 33, у Маскве — 27, амаль як у Мінску.

Сярэдняе ўтрыманне аксіда вугляроду ў беларускіх гарадах таксама не перавышае 1 мг/м³. Гэта прыблізна ўзровень выкідаў Лондана і Мадрыда. У Маскве і Парыжы сёння ён падымаўся да 2 мг/м³. У некаторых раёнах Варшавы — да 7 мг/м³.

Сталіца выкідае ў паветра няшмат і дыяксіду серы. Учора сярэднесутачны паказчык быў роўны — 3,6 мг/м³. Гэта, як у Мадрыдзе. А вось у Гродне, Наваполацку і Магілёве ўтрыманне гэтага элемента было вышэй — 40-80мг/м³. А гэта ужо ўзровень прамысловых гарадоў Кітая і Турцыі.

Па ўзроўні дыяксіду серы ў паветры Мінск падобны на кітайскія прамысловыя цэнтры
Смог у кітайскім горадзе. Фота: varlamov.ru/Ілля Варламаў

Кіраўніца аналітычнага аддзела маніторынга паветра Белгідрамета Багдана Казярук кажа, што ў параўнанні з азіяцкімі прамысловымі цэнтрамі, населеныя пункты Беларусі — суцэльны запаведнік. Але і мы маем праблемныя раёны, асабліва ў прамысловых гарадах, у Гомелі назіраецца перавышэнне ўзроўню аксіду вугляроду, дыяксіду азоту — у некаторых раёнах Магілёва і Мінска,  дробнадысперснага пылу — у некаторых раёнах Мінска, Гомеля і Магілёва. А пры павышаных тэмпературах амаль ва ўсіх гарадах павышаецца ўзровень фармальдэгіду.

“Гэты год разбурыў нашу аптымістычную тэндэнцыю, паводле якой назіралася зніжэнне ўзроўню забруджанасці. Сыходзячы год быў настолькі неардынарны, праз дыфіцыт ападкаў, што карціна змянілася ў горшы бок”, — кажа начальніца аналітычнага аддзела.

Цяпер у краіне амаль 70% забруджанага паветра стварае аўтамабільны транспарт. У Мінску — больш за 80%. Прамысловыя прадпрыемствы — гэта толькі пятая частка ўсіх выкідаў.

Чысціня паветра шмат у чым залежыць ад умоваў надвор’я, тлумачыць Багдана Казярук. Апошнія два тыдні былі ападкі і моцныя ветры. Гэта моцна ачысціла паветра. Таму цяпер паказчыкі меншыя, чым звычайна. 

***

Дробнадысперсныя часцінкі РМ10 — гэта пылінкі, попел і іншыя часцінкі памерам да 10 мкм. Высокае ўтрыманне іх у паветры спрыяе развіццю захворванняў дыхальнай сістэмы

Аксід вугляроду (СО) — газ, які выдзяляецца пры гарэнні. Мае атрутныя ўласцівасці, вялікая канцэнтрацыя яго ў паветры можа выклікаць галавакружэнне і непрытомнасць, а больш высокія канцэнтрацыі — кому і смерць.

Дыяксід серы (SO2)— газ, які выдзяляецца пры гарэнні серы і сульфідаў. Вельмі таксічны. Пры ўдыханні выклікае насмарк, кашаль, ахрыпласць. Больш высокая канцэнтрацыя выклікае удушша, ваніты, магчымы востры ацёк лёгкіх.

Галоўнае фота: nn.by/Кірыл Хілько

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі