Па якіх курсах валют жывуць беларусы
Турыстычныя кампаніі, калі і бяруць рублі, то з 5% надбаўкай, СТА пераводзяць долары на рублі па 16 000, а інтэрнэт-крамы па 15 500.
Нягледзячы на тое, што ўжо некалькі дзён няма сур’ёзных скачкоў курсу валют, долар і еўра, якія ў абменніках так і не з’явіліся, у розных месцах каштуюць па рознаму
На сайце буйной турыстычнай кампаніі “Алатан Тур” кошты на пуцёўкі за мяжу выстаўленыя ў валюце. Беларускімі рублямі таксама можна разлічыцца, але толькі па курсе Нацбанка на момант пакупкі плюс 5%. На сёння гэта 15 655 за долар.
А вось Tez Tour родныя грошы нават не разглядае: “Мы прымаем толькі ў доларах!” — кажуць у аддзеле продажу кампаніі. Цікава, што на гэта скажа Мінгандлю?
Інтэрнэт-крамы выстаўляюць кошты выключна ў беларускіх рублях. Новыя магчымасці ды “па” Міністэрства гандлю напужалі нават сеціва, бо ад прапановы разлічыцца валютай прадаўцы катэгарычна адмаўляюцца. Фармуюцца ж кошты ў кожнага па-свойму, але курс вагаецца ад 15 500 да 16 000 за бакс, ананімна распавёў Еўрарадыё адзін з уладальнікаў інтэрнэт-крамы.
Зняць кватэру ў Мінску на суткі можна і за нацыянальную валюту па курсе Нацбанка. “Не бяды!” — кажуць гаспадары. — Гэта ж невялікія сума”.
А вось з арэндай на месяц усё значна складаней. Нават знайсці згодных браць беларускія рублі цяжка, а далей дадаюцца яшчэ ўмовы.
“Пакуль можна набыць долары ў абменніках, будзем браць у доларах, — кажа гаспадыня кватэры ў Мінску. — Калі нейкі крызіс будзе, то дамовімся як-небудзь. Можна будзе і ў беларускіх рублях, але так, каб рэальна можна было набыць валюту”.
Аўтамабільныя салоны, нягледзячы на тое, што большасць з іх цэннік выстаўляе ў валюце, разлік бяруць выключна ў рублях. “Па курсе Нацбанка на дзень аплаты”, — нават здзіўляюцца ў сталічным салоне Porsche.
Прыватныя прадаўцы машын наадварот смяюцца з прапановы разлічыцца рублямі. Маўляў, куды ж іх потым падзець у такой колькасці. Але некаторыя пагаджаюцца… плюс 10% да курса Нацбанка.
Свой курс усталёўваюць і некаторыя СТА. За рамонт аўтамабіля ў Маскоўскім раёне Мінска спецыялісты ўзялі за паслугу 1 488 000, а ў дужках падпісалі 93 долары. То бок курс 16 000 за бакс.