У судзе па справе "Экамедсэрвіса" перапынак да 10 студзеня
Стала вядома, што бацькі Юліі Кубаравай патрабуюць з цэнтра "Экамедсэрвіс" 10 мільярдаў рублёў кампенсацыі.
Па словах Юрыя Кубарава, гэта сярэдняя сума кампенсацыяў, якую патрабуюць у такіх выпадках у еўрапейскіх краінах.
***
Суд працягнецца 10 студзеня а 10-й гадзіне. Гэта звязаны з тым, што маці загінулай дзяўчыны, Алу Кубараву, прызналі не сведкай, а пацярпелай і ісціцай. Яна павінна азнаёміцца з матэрыяламі справы.
Абвінавачаныя ад каментароў адмаўляюцца.
***
На першым паседжанні прысутнічаюць каля 25-30 чалавек, перадае з залы суда карэспандэнт Еўрарадыё Алесь Пілецкі.
Ёсць сярод іх і бацька загінулай Юліі Кубаравай. Маці дзяўчыны заяўленая на працэсе як сведка, таму яе выклічуць у суд у панядзелак, 13 студзеня.
Першае заяўленая ў судзе хадайніцтва — аб кампенсацыі маральнай і матэрыяльнай шкоды.
***
Працэс вядзе суддзя Ала Абакунчык. Абвінавачанне прадстаўляе пракурор Мікалай Жычко.
Інтарэсы пацярпелага бацькі Кубарава прадстаўляе адвакат Пячэрскі. Абвінавачаных Валажанкіну, Ліхуту і Шурава прадстаўляюць адвакаты Каралевіч і Крылоў.
***
Працэс адбываецца ў судзе Кастрычніцкага раёна сталіцы.
Да крымінальнай адказнасці за службовую халатнасць прыцягваюцца генеральны дырэктар і галоўны інжынер медцэнтра. На фота Еўрарадыё яны — на пярэдняй лаве.
Лекара-анэстэзіёлага медцэнтра вінавацяць у неналежным выкананні прафесійных абавязкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыенткі.
Нагадаем, што ў сакавіку 2013 года ў сталічным камерцыйным медцэнтры "Экамедсэрвіс" пасля пластычнай аперацыі па карэкцыі формы носа не прыйшла ў прытомнасць 25-гадовая гродзенка Юлія Кубарава. Праз чатыры тыдні пацыентка, перанакіраваная ў 4-ю гарадскую клініку, памерла.