Пацверджана затрыманне галоўнага інжынера Мінскага завода колавых цягачоў

Распачатая крымінальная справа ў адносінах некалькіх работнікаў Мінскага завода колавых цягачоў. Артыкулы — "злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі" (ч. 2 арт. 424) і "атрыманне хабару" (арт. 430). Прэс-служба Следчага камітэта адзначае, што падставай для распачацця крымінальнай справы сталі матэрыялы праверкі, якую праводзілі супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Міністэрства ўнутраных спраў.

Адзначаецца, што сярод падазраваных — галоўны інжынер прадпрыемства. На сённяшні дзень ён знаходзіцца за кратамі.

Нагадаем, учора ў СМІ з'явілася інфармацыя пра затрыманне галоўнага інжынера Мінскага завода колавых цягачоў Андрэя Галавача. Затрыманне адбылося 5 траўня на працоўным месцы. Яго, нібыта, праводзілі супрацоўнікі КДБ. Аднак у каментары telegraf.by прэс-служба КДБ заявіла, што да затрымання гэтае ведамства не мае дачынення: "Затрыманне праводзіў не Камітэт дзяржбяспекі. Таму на гэтым, я думаю, усе пытанні знятыя".

Следчы камітэт абяцае інфармаваць грамадства пра расследаванне крымінальнай справы, "улічваючы пры гэтым інтарэсы следства і нормы крымінальна-працэсуальнага заканадаўства".

Фота: Fotolia і belaruspartisan.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі