Пад Быхавам бус сутыкнуўся з лосем. Адзін чалавек загінуў, лось таксама
Пад Быхавам мікрааўтобус на малдаўскіх нумарах сутыкнуўся з лосем, які перабягаў дарогу. Як перадае прэс-служба Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС, здарэнне адбылося позна ўвечары 25 траўня на трасе Р-93 каля вёскі Чачэвічы.
Пасля сутыкнення з лосем Ford Transit вылецеў у кювет і там наскочыў на дрэва. У мікрааўтобусе было 6 чалавек, з іх двое дзяцей — усе грамадзяне Малдовы і Расіі. Пасля здарэння ў салоне заціснула траіх чалавек (кіроўцу і пасажыраў на заднім сядзенні). Выратавальнікі вызвалілі іх, а таксама дэблакавалі аднаго з пасажыраў, які загінуў у гэтай аварыі.
Астатніх пацярпелых у ДТЗ даставілі ў Быхаўскую раённую лякарню з траўмамі рознай ступені цяжкасці. Мікрааўтобус істотна пашкоджаны. Лось загінуў.