Пад Камянцом хочуць закрыць адзіную беларускамоўную школу ў раёне. Чаму?

Пад Камянцом хочуць закрыць адзіную беларускамоўную школу ў раёне. Чаму?

Настаўнік Павел Кендысь стварыў петыцыю супраць закрыцця Амелянецкай школы ў Камянецкім раёне. Гэта адзіная навучальная ўстанова ў раёне, дзе вучні атрымліваюць сярэднюю адукацыю на роднай мове. У школе працуюць 15 настаўнікаў і навучаюцца 50 вучняў. Па словах Паўла, настаўнікам Амелянецкай школы ўжо прапанавалі шукаць іншае месца працы.

Еўрарадыё разбіраецца, ці сапраўды беларускамоўную школу пад Камянцом збіраюцца закрыць і якія прэтэнзіі да яе дзейнасці ёсць у чыноўнікаў.

Туалет на дварэ або мала вучняў?

Павел Кендысь кажа, што справа не ў колькасці вучняў. У Камянецкім раёне ёсць школы, дзе навучаецца і менш за 50 дзяцей,  — і гэтыя ўстановы не закрываюцца.

“Гэта адзіная сярэдняя беларускамоўная школа ў Камянецкім раёне, — гаворыць Павел Кендысь. — Школа аднапавярховая, драўляная, ёсць шэраг санітарных недахопаў: туалет на дварэ, бойлера з гарачай вадой няма. Гэтыя недахопы і зрабілі падставамі для закрыцця”.

Пакуль афіцыйнага рашэння аб закрыцці школы няма, але гэта пытанне часу, гаворыць настаўнік.

Дырэктар Амелянецкай школы Мікалай Кендысь у размове з Еўрарадыё называе іншую прычыну закрыцця школы. 

“У першую чаргу справа ў колькасці дзяцей. Вяскоўцы сем’ямі з’язджаюць у гарады, таму вучняў усё меней”, — гаворыць ён.  

Пад Камянцом хочуць закрыць адзіную беларускамоўную школу ў раёне. Чаму?
Школьная тэрыторыя / Еўрарадыё

Дырэктар дадае, што рашэнне пра далейшы лёс школы чыноўнікі Камянецкага раёна будуць прымаць на пачатку года. 

“Гэтыя 50 вучняў займаюць першыя месцы на алімпіядах”

З іншага боку, настаўнік Павел Кендысь кажа, што малакамплектнасць школы дае магчымасць індывідуальна падыходзіць да кожнага вучня: 

“Школа працуе не горш, чым іншыя. Ёсць алімпіяднікі, каманда “Што? Дзе? Калі?”. Па паспяховасці часам апярэджваем камянецкія школы. Гэтыя 50 вучняў займаюць першыя, другія, трэція месцы на алімпіядах. Чаму вырашылі закрываць школу? Па краіне ідзе аптымізацыя, і такім чынам спрабуюць эканоміць”.

Пад Камянцом хочуць закрыць адзіную беларускамоўную школу ў раёне. Чаму?
Вучні Амелянецкай школы / Фота: з сайта ўстановы

“Такіх беларускамоўных школак амаль не засталося. Гэта рэлікты беларускай культуры і мовы. Аберагаць трэба”, — дадае ён.

Райвыканкам: без каментарыяў

За два дні ў нас так і не атрымалася дабіцца ўцямнага каментарыя ні ад раённых, ні ад абласных чыноўнікаў.

У Камянецкім райвыканкаме размаўляць пра Амелянецкую школу адмовіліся. Начальнік аддзела адукацыі Віктар Грыцук, як толькі пачуў пра школу, сказаў: “Я па тэлефоне даведак не даю”, — кінуў трубку і больш на званкі не адказваў.

У прыёмнай Брэсцкага аблвыканкама і ўчора, і сёння Еўрарадыё заявілі, што кіраўніцтва ў камандзіроўках і на нарадах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі