Пад прэсам #11: Як журналісты абмянялі мінскую кватэру на востраў у Карыбах

На мінулым тыдні Еўрарадыё паведаміла пра тое, што мінскія кватэры часам каштуюць даражэй, чым віла ў Бразіліі. Навіна мала прыемная, але тым не менш менавіта яна стала адной з самых папулярных за тыдзень. Шмат якія беларускія СМІ падхапілі гэтую тэму і пачалі развіваць яе далей.

Еўрарадыё дазналася, што за кватэру на вуліцы Янкі Купалы, ля цырка, прасілі 500 тысяч долараў. Гэта ж якія шыкоўныя вілы і кватэры ў розных кутках свету можна купіць за тыя ж грошы!

Журналісты Інтэрнэт-выдання “Салідарнасць” кажуць, што, прадаўшы аднапакаёвую кватэру, можна купіць не тое што вілу, а нават цэлы востраў.

“...можна знайсці варыянцік нават у якой-небудзь славянскай дзяржаве, напрыклад, у Харватыі.

Там за востраў з рамантычнай (і ў чымсьці нават роднай) назвай Вела Лука просяць усяго 80 тысяч еўра... Магчыма, ён крыху даражэйшы за панамскі, затое там ёсць даволі сімпатычны двухпавярховы домік, які месціцца недалёка ад пірса, з унутраным дваром і вялікім вінным склепам.

Плошча ж гэтага райскага кутка – 143 квадратныя метры. Усё ж паболей за аднапакаёвую кватэру ў задымленай сталіцы” , - піша Анастасія Зелянкова, журналіст “Салідарнасці”.

Ва ўсім можна знайсці дрэннае альбо добрае, гледзячы з якога боку на гэта паглядзець. Шклянка напалову поўная, альбо – напалову пустая? Кватэры ў Мінску даражэюць з кожным днём – безумоўна кепская навіна. Але затое, прадаўшы такую кватэру, можна купіць цэлы востраў! Тыповы прыклад таго, што называецца – “думаць пазітыўна”.

Думаю, папулярнасць гэтай тэмы тлумачыцца тым, што менавіта яе “пазітыўны” бок прыцягвае чытачоў. Асабліва, калі тэксты артыкулаў суправаджаюцца прывабнымі фотаздымкамі казачных астравоў. Прыемна сядзець ля камп’ютара ў мінскай кватэры, глядзець на фотаздымкі і ўяўляць сябе на Карыбах, на маленькім востраве, які можна набыць, прадаўшы кватэру.

“Комсомольская правда в Беларуси” пайшла далей і вырашыла параўнаць, колькі каштуе арэнда кватэр у розных краінах. Тут карціна крыху іншая: і ў Маскве, і ў Кіеве, і ў Берліне кошт арэнды кватэры большы, чым у Мінску. Але наша сталіца імкліва даганяе буйные еўрапейскія гарады.

Журналіст “Комсомолки” Вольга Анціпенка параўноўвае кошт арэнды з сярэднім заробкам па краіне:

“Напрыклад, 1-пакаёвая кватэра каля станцыі метро “Партызанская” здаецца за 280 долараў. У кватэры ёсць мэбля, тэлефон, халадзільнік, тэлевізар. Да метро дабірацца 5 хвілін. Атрымліваецца, што пры сярэднім заробку па Мінску ў 450 долараў пасля арэнды кватэры на жыццё застаецца ўсяго 170 долараў”.

У такой жа сітуацыі знаходзяцца і жыхары Лондана. Ім таксама прыходзіцца аддаваць за здыманае жыллё больш за палову свайго заробку. Масквічы ж і Кіяўляне, здымаючы жыллё, могуць увогуле застацца без грошай, працягвае Вольга Анціпенка:

“Кошт арэнды 1-пакаёвай кватэры, што месціцца недалёка ад метро ў блочным доме з мэбляй, тэлевізарам і халадзільнікам у расійскай сталіцы зраўняўся з сярэднім заробкам – 790 долараў...

Сярэдні кошт арэнды аднапакаёвай кватэры і сярэдні заробак супалі і ў жыхароў Кіева. Так, напрыклад, агенцтва нерухомасці прапаноўваюць за 450 долараў жыллё ў дзвюх хвілінах ад метро з мэбляй, халадзільнікам і пральнай машынай”.

Усяго 170 долараў застаецца ў сярэднестатыстычнага беларуса пасля таго, як ён заплаціць за сярэднестатыстычную арандаваную кватэру ў Мінску. За такія грошы асабліва не пажывеш... І ў суседнія краіны не збяжыш таксама, бо там арэнда жылля яшчэ даражэйшая. Так што лепшы варыянт – гэта ўсё ж такі купляць сваё, уласнае, жыллё. І лепей адразу – на Карыбах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі