Пад Слуцкам міліцыянт застрэліў лісу, якая кідалася на людзей
16 жніўня ў слуцкую міліцыю звярнулася жанчына. Яна распавяла, што ў двары матчынага дома ў вёсцы Шышчыцы знаходзіцца верагодна шалёная лісіца, інфармуе прэс-служба УУС Мінскага аблвыканкама.
Жанчына ўвайшла ў хлеў ўзяць інструменты і пабачыла лісу. Жывёла кінулася на яе, але случанка выскачыла на двор і схавалася дома. Праз акно яна назірала, як ліса кідаецца з боку ў бок, шыпіць і скуголіць.
На выклік выехаў участковы міліцынт — капітан Сяргей Варлашын. Па дарозе ён затэлефанаваў мясцовым паляўнічым і папрасіў іх паназіраць, каб жывёла не ўцякла, а заадно не падпускаць да двара цікаўных разявак.
Паведамляецца, што калі ліса пабачыла міліцыянта, яна ашчэрылася і заскуголіла, стала паводзіць сябе агрэсіўна і кідацца ў бок участковага. Ён застрэліў жывёлу адным стрэлам з табельнай зброі.
Паводле папярэдняй інфармацыі, жывёла не паспела нікому прычыніць шкоды.