Пад Слуцкам невядомыя ў камуфляжы расстралялі бусла

Пад Слуцкам невядомыя ў камуфляжы расстралялі бусла

У вёсцы Цалевічы Слуцкага раёна невядомыя ў камуфляжнай форме застрэлілі бусла, піша "Інфа-кур'ер"

Забітую птушку пахавалі на сваім гародзе дачнікі Анатоль і Таццяна Грэкі. Яны хочуць, каб вінаватых пакаралі штрафам, пазбавілі паляўнічага білета і далі публічную вымову.

Здарэнне адбылося зранку 16 верасня. Міма дачы сям'і Грэк праехалі дзве машыны — Volkswagen Golf і Volkswagen Transporter. Яны ехалі ў той бок, куды звычайна людзі ездзяць на паляванне. Праз пару хвілін прагучалі два стрэлы, якім дачнікі не надалі вялікага значэння.

Але праз некалькі хвілінаў Анатоль Грэк пабачыў у гародзе забітага бусла. Невядомыя паляўнічыя прастрэлілі яму лапу, шыю і спіну. Такім чынам стрэл прагучаў за 30 метраў ад вёскі. 

Суседзі Грэкаў распавялі, што з мікрааўтобуса выйшаў чалавек у камуфляжнай форме і стрэліў. Чацвёра буслоў паляцелі, адзін не паспеў. Дачнікі не запомнілі нумароў аўтамабіляў, бо не ведалі, што там едуць паляўнічыя. 

Міліцыя прыняла ў дачнікаў заяву. Таксама сям'я Грэкаў паведаміла пра інцыдэнт у Слуцкі лясгас і плануе пракансультавацца ў пракуратары, як ім дзейнічаць далей.

Як каментуе дырэктар грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" Аляксандр Вінчэўскі, белы бусел знаходзіцца пад аховай закона, і паляванне на іх забароненае. У ежу іх не ўжываюць. Акрамя таго, забаронена страляць і знаходзіцца з зараджанай паляўнічай зброяй у населеных пунктах і на адлегласці менш за 200 метраў ад іх крайняга будынка. 

У Слуцкім лясгасе кажуць, што паляўнічым пагражае некалькі пакаранняў. За забітую птушку, на якую забаронена паляванне — штраф ад 10 да 50 базавых велічыняў (230-1150 рублёў). За паляванне каля населенага пункту — штраф да 30 базавых велічыняў (690 рублёў) і пазбаўленне права палявання на тры гады. Калі ў паляўнічых не было пуцёўкі і яны займаліся незаконным паляваннем, ім можа пагражаць нават крымінальная справа.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі