Падарункі ад Нікі: 5-гадовая ўкраінка робіць для вайскоўцаў пернікі і бранзалеты
"Адзін хлопец расказваў, што лялечку-мотанку, якую Ніка зрабіла, заўсёды насіў каля сэрца" / фота з архіва сям'і Нікі
Пяцігадовая Ніка з Мікалаева вельмі любіць тонкія блінцы. У першыя дні вайны ў горадзе не хапала прадуктаў. Былі перабоі з пастаўкамі, а ў крамах усё разабралі. Тады мама Нікі — Наталля — вырашыла парадаваць дачку блінцамі.
А Ніка прапанавала аддаць палову вайскоўцам, якія ахоўвалі блокпост недалёка ад дома.
— Кажа, матуля, давай палову блінцоў дзядзькам на блокпост занясем. Я пытаюся — навошта? Ніка: “Вони оберігають мій спокій”. І вось з гэтых блінцоў пайшло і паехала. Дзіця стала валанцёрыць.
Як прайшоў гэты год для Нікі, Еўрарадыё расказала мама самай маленькай украінскай валанцёркі — Наталля.
“Плача мая бабуля, плача маё пяцігадовае дзіця”
“Дзядзі” на блокпосце назвалі Ніку сваёй сяброўкай і “бандыткай”. А Ніка прыносіла ім то гарбаты, то кавы, то абед, то жоўта-блакітны бранзалецік. Яна спляла яго з бісеру, які ёй падарылі на дзень нараджэння — калі вайны яшчэ не было. “Сяброўцы-бандытцы” заўсёды аддзячвалі цукеркамі.
— Мабыць, і да Новага года падарункі для вайскоўцаў рыхтуеце?
— Вядома! Яна рыхтуе для вайскоўцаў мотанкі — гэта такія маленькія анёлкі з фаціна. У першы раз яна іх зрабіла, калі для некага са знаёмых трэба было арганізаваць збор грошай. Ніка прадавала гэтых анёлкаў, і для яе гэта было так важна: я сабрала грошы, я аддала, я патрэбная. Потым гэтыя анёлачкі дапамаглі сабраць грошы на сонечную станцыю.
І вось цяпер мы зноў зробім такіх жа анёлкаў — толькі цяпер проста падорым іх вайскоўцам, якія будуць стаяць у нас на блокпастах.
— І людзі са зброяй на блокпастах Ніку не палохаюць?
— Я першы час баялася, а яна — не. Памятаю, як у першы раз прыехалі на блокпост, прывезлі суп у рондальчыку, а Ніка яшчэ карцінку намалявала. Вайскоўцы нам кажуць: хавайцеся, трывога, паветра! І адзін з іх адразу схаваў Ніку за спіну. У яго аўтамат на плячы, а ёй не страшна, яна кажа: дзядзька, я ж табе карцінку не аддала!
Яны пасля гэтага і сталі яе бандыткай называць. Маўляў, якая трывога — карцінку ж трэба аддаць!
Цяпер многія мае сябры, якіх яна лічыць сваімі сябрамі, мабілізаваныя. І вось гэта для яе было дзіўна — убачыць іх у форме, з аўтаматамі.
— Беларускія добраахвотнікі з батальёна “Тэрор” паказвалі нам фатаграфіі пернікаў, якімі іх частавала Ніка. А да вайны яна ўмела пячы?
— Гэта нашы новыя навыкі: мы і мясіць навучыліся, і з міксерам працаваць, і пернікі распісваць!
Якія яшчэ ў нас новыя ўменні? На Вялікдзень пайшлі ў царкву, дзіця навучыўся хрысціцца, навучылася свечачкі ставіць. Прыйшла ў царкву, бацюшку расчуліла. Я ёй кажу: вось сюды ставіш свечачку і думаеш пра самае сваё патаемнае жаданне. А яна на ўсю царкву кажа: "Я хачу, каб вайна скончылася". Дай Бог. Гэтага ўсе хочуць.
— Незадоўга да 24 лютага Ніцы споўнілася 5 гадоў. А на колькі гадоў яна вырасла за месяцы вайны?
— Я выразна памятаю дату: 7 сакавіка. Памятаю, сядзіць мая бабуля — дзіця вайны, сядзіць маё пяцігадовае дзіця. Мы чуем, як усё валіцца, як усё выбухае — і не ведаем, ці выжывем, ці не.
Бабулю і дзіця пасадзілі ў самы далёкі кут. Накрылі коўдрамі. Дзіця плача, бабуля плача. Тады маё дзіця сказала: хай дрэнныя рускія садзяцца ў ракету і лятуць прэч.
І за тыя дні яна вельмі хутка вырасла. А за гэты год — вырасла гадоў на пяць. У першыя дні вайны яна была вельмі стомленая, ад недасыпу пад вачыма былі пастаянныя сінякі. Цяпер гляджу на яе старыя фатаграфіі і бачу, што ў яе вельмі змяніўся погляд. І ў нас вельмі шмат такіх дзяцей.
Але з іншага боку: я гляджу на сваё дзіця, якое імкнецца дапамагаць хлопцам, ведаю, што яна не адна гэта робіць — і ўяўляю, якой будзе наша дзяржава, калі гэтыя дзеці вырастуць. За такімі дзецьмі будучыня.
Калі яна ідзе на блокпост, усіх абдымае. І ў вайскоўцаў, якія з ёй размаўляюць, таксама з'яўляецца вера.
Адзін з бранзалецікаў, якія рабіла Ніка, мы падарылі нашаму сябру. Ён з'ехаў ваяваць, трапіў пад абстрэл. Многія тады не вярнуліся. А ён вярнуўся. Рэчы, заплечнік — усё засталося на полі. А гэты тоненькі бранзалецік на гумцы захаваўся.
Ён так бярог яго, а потым паехаў на данецкі кірунак, тэлефануе адтуль і кажа: Наташа, у мяне бранзалет парваўся. Я яго супакойваю — было б пра што бедаваць. А ён кажа: што ты, я яго заўсёды з сабой насіў, бярог.
Другі хлопец расказваў, што лялечку-мотанку, якую Ніка зрабіла, заўсёды насіў каля сэрца. Ваякі да гэтага вельмі чулліва ставяцца. Я кажу, хлопчыкі, ды я вам хоць 50 лялечак зраблю, адпраўлю. Праблема ў тым, што туды, дзе яны цяпер знаходзяцца, складана штосьці перадаць.
“Не хачу, каб дзіця ненавідзела”
Наталля паказвае фота дачкі, якія зрабілі ў дзень нараджэння — на іх Ніка ў сукенцы прынцэсы. І новыя фатаграфіі. На іх Ніка — у маленькай бронекамізэльцы з надпісам "Принцеса".
— Якім было жыццё Нікі да вайны?
— Хадзіла ў садок, з двух гадоў займалася танцамі, толькі-толькі запісалася на чырлідынг. Калі пачалася вайна, Ніка спытала: мы што, не пойдзем у садок? І на танцы не пойдзем? Як дзіцяці вось у пяць гадоў растлумачыць, што адбываецца?
— А як вы патлумачылі?
— Першыя два дні мы нічога не казалі, а яна спрабавала зразумець, чаму дома такая мітусня, чаму мама збірае ўсе дакументы.
Ужо калі пачаліся прылёты, калі давялося хавацца ў склепе, мы патлумачылі — вайна. Сказалі мякка: калі адна дзяржава хоча захапіць тэрыторыю іншага, атрымліваецца, што людзі ваююць, людзі страляюць. Яшчэ тыдзень мы ёй не расказвалі, з кім ваюем, а потым мякка тлумачылі, з кім.
— У вас, напэўна, сваякі ў Расіі?
— Так, далёкія сваякі. У пачатку вайны яны мне напісалі — вам трэба з'язджаць адтуль, усё роўна ўсё зменіцца, вы не будзеце больш там жыць, як жылі, з'язджайце з краіны. Я адказала: гэта мой дом, тут нарадзілася маё дзіця, тут усё, што мы нажывалі ўсё жыццё — чаму я павінна сыходзіць? Чаму я павінна бегчы?
Наогул, так, даводзілася тлумачыць дзіцяці, з кім мы ваюем. Тлумачыць груба не хацелася, і не хацелася, каб дзіця ненавідзела рускіх. Хоць зразумела, што стаўленне ў яе сфармуецца і без майго ўдзелу, і што добрым яно не будзе. Яна ўсё бачыць, яна ўсё выдатна разумее.
Я заўсёды кажу: што з аднаго, што з другога боку гіне шмат дзяцей, другія дзеці застаюцца без бацькоў. За што гінуць людзі? Усе гэтыя месяцы не магу гэтага зразумець.
Я ведаю, што часам бацькі выбіраюць не тлумачыць дзецям, што адбываецца. І дзеці жывуць, як у кокане. Жывуць так усе гэтыя дзесяць месяцаў. Але што будзе потым, калі вайна скончыцца? Як бацькі растлумачаць, што ўсе гэта час хавалі ад дзяцей вайну?
Я шмат разоў прапаноўвала Ніцы — давай з'едзем? У нас ёсць сваякі за мяжой. Яна — ні ў якую. Нават калі выязджаем на тыдзень у іншыя ўкраінскія гарады, яе цягне дадому.
Я часам думаю: ну добра, мы з'едзем. Але нашыя сябры, сваякі, якія ваююць — як яны? Ты нават тут, знаходзячыся на адлегласці кіламетраў, нічым не можаш дапамагчы. Вось і імкнешся хоць неяк, хоць чымсьці, хоць тымі ж прадуктамі, штосьці зрабіць. А з'ехаўшы, ты будзеш проста сядзець у дэпрэсіі і ўвесь час плакаць, таму адтуль не зможаш дапамагчы нічым увогуле.
А не дай Бог штосьці здарыцца? Ты не зможаш прыляцець за пару гадзін.
— Вам даводзіцца распавядаць Ніцы дрэнныя навіны?
— Пра тое, што некаторыя людзі, якіх яна ведала, загінулі, мы не расказвалі. У нас і так былі праблемы са сном, не хочацца яе дабіваць. Так што некаторыя навіны даводзіцца хаваць.
“Плакала і пытала — мой Вася, як там мой Вася?”
Часам Ніка задае пытанні, на якія яе маме адказаць асабліва цяжка. Так было, калі Ніка пытала, што такое "палон". Яна пытала пра гэта таму, што яе хросны — у палоне.
— Дзякуй Богу, ён жывы і здаровы, але ў палоне з траўня. Мы запісвалі відэазвароты, спрабавалі прыцягнуць да яго ўвагу, каб дапамагчы, каб неяк выцягнуць, і вось тады Ніка спытала, што такое палон.
У потым плакала — “мой Вася, як там мой Вася, як ў яго з ежай, як да яго ставяцца?” Так, ёсць некаторыя моманты, якія вельмі складана ёй растлумачыць.
— Вы ўжо думалі, як вярнуць дзіцяці дзяцінства?
— Аніяк. Дзіця па гуку адрознівае снарады. Кажа: во, касетка прыляцела. Касетны снарад. Калі чуе абстрэл, часам кажа мне: мама, спакойна, гэта нашы.
Дзяцінства ў дзіцяці больш няма. Хоць бы таму, што ёй нават німа з кім гуляць — німа з кім пагуляць, падурэць. Дзяцей няма. У нас дзеткі ў асноўным параз'язджаліся, застаюцца тут нямногія. А некаторыя з дому не выходзяць, настолькі напалоханыя.
Як вярнуць гэтае дзяцінства? Што рабіць? Дарыць ёй цацкі? Гэта ўжо не прынясе ранейшых эмоцый.
Калі мы выязджалі на больш спакойныя тэрыторыі, здавалася, што дзіця адпачывае. А калі заходзілі ў дзіцячы пакой, я бачыла, якія розныя цяпер нашыя дзеткі-аднагодкі.
Напрыклад, у многіх частках Украіны дзеці не рэагуюць на самалёты так, як у нас. Маё дзіця страшэнна баіцца самалётаў. Адзінае, чаго мы баімся так моцна. Гук самалёта — і адразу плач. Кладземся, хаваемся.
— А калі плачаце вы?
— Плакала, калі ўбачыла, як маё дзіця радуецца простай дзіцячай пляцоўцы. У першы раз мы выехалі з Мікалаева летам. З'ездзілі на пару дзён у Цярнопаль. І тады я плакала: Ніка радавалася не якімсьці гульнявым пакоям, а звычайнай дзіцячай пляцоўцы з горкай і арэлямі.
І калі бачыла, як дзеці ідуць у садок і ў школу, таксама плакала. У Мікалаеве нічога не працуе. У наступным годзе Ніка павінна пайсці ў першы клас, мы вельмі спадзяемся, што пойдзем у звычайную школу.
Але ў Мікалаеве цяпер многія школы разбураныя. Магчыма, прыйдзецца выязджаць на больш спакойныя тэрыторыі. "Анлайн" не хачу — хачу, каб дзіця пабачыла, што такое школа, парта, як за ёй сядзець, хачу, каб пазнаёмілася з настаўнікам.
— А пакуль валанцёрства падтрымлівае Ніку?
— Так, яе гэта падтрымлівае, яна не дэпрэсуе, яна лічыць сябе патрэбнай. І ў нас шмат дзяцей, якія чымсьці імкнуцца дапамагаць.
Нядаўна мы былі ў Жытоміры ў дзіцячага псіхолага — я баюся, каб не было посттраўматычнага сіндрому. Псіхолаг пазней мне распавядала, што Ніка вельмі ганарыцца тым, што яна — маленькая валанцёрка, што можа зрабіць нешта карыснае, унесці пэўны ўклад. І гэта крута.
Бывала, у мяне ўжо не было сіл, нічога не хацелася, а яна мяне супакойвала, матывавала: мама, давай далей, давай новы збор арганізуем!
***
Калі мама Нікі перадала слухаўку дачкі, мы спыталі ў яе, чаго яна хоча на Новы год. На Новы год Ніка папросіць таго ж, чаго папрасіла на Вялікдзень.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.