Падатковая: беларусы масава кінуліся ў рамеснікі
За першы квартал колькасць рамеснікаў у Беларусі вырасла на 4000 чалавек.
У Беларусі рэзка ўзрасла колькасць рамеснікаў. Аб гэтым падчас прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміла галоўны дзяржаўны інспектар Міністэрства па падатках і зборах Таццяна Салавейчыкава.
Салавейчыкава: “Мы заўважылі, што беларусы масава кінуліся ў рамесніцтва. Калі за 2014 год у якасці рамеснікаў было зарэгістравана каля 7000 чалавек, дык у першым квартале 2015 года ў якасці рамеснікаў зарэгістравалася 4000 чалавек”.
Падаткавікі звязваюць гэта з дэкрэтам “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” — ён абавязвае беларусаў, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржвыдатакаў, плаціць збор “за дармаедства”. На сёння гэта 20 базавых велічынь або 3,6 мільёна рублёў.
Чалавек, які займаецца рамесніцтвам, можа не рэгістравацца ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. Гэта рэгулюецца ўказам № 225. Але ж ён павінен заплаціць адзіны падатак у памеры 1 базавай велічыні ў год да пачатку дзейнасці. Гэта ў 19 разоў меней, чым цяпер складае падатак на дармаедства.
Фота: open.by