Падчас цісканіны і страляніны ў аэрапорце Кабула загінула не менш за 12 чалавек
Людзі каля аэрапорта ў Кабуле чакаюць магчымасці пакінуць краіну / Reuters
Падчас цісканіны і страляніны ў аэрапорце Кабула за апошнія некалькі дзён загінула агулам 12 чалавек. Пра гэта ў чацвер паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на талібаў і прадстаўнікоў NATO.
У чацвер талібы заклікалі афганцаў, якія застаюцца ля аэрапорта, разысціся і вярнуцца дадому. Ім паабяцалі не наносіць шкоды. Гэты заклік прагучаў на наступны дзень пасля таго, як "баевікі Талібана абстралялі пратэстоўцаў, забіўшы, са слоў відавочцаў, траіх", піша Reuters .
Агенцтва прыводзіць словы людзей, якіх не пускалі на тэрыторыю аэрапорта.
"Гэта поўная катастрофа. Талібы стралялі ў паветра, штурхалі людзей, збівалі іх", — расказаў адзін з удзельнікаў падзей.
Аэрапорт застаецца зонай адказнасці ЗША, таму сюды імкнуцца людзі, якія хочуць пакінуць краіну. Тым часам за межамі аэрапорта тэрыторыю патрулююць ужо баевікі "Талібана".
Па словах прадстаўніка заходніх службаў бяспекі, з нядзелі з Кабула вылецела каля 8000 чалавек.
Між тым прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў у сераду, што ЗША могуць захаваць свой вайсковы кантынгент у Афганістане і пасля 31 жніўня. Гэта адбудзецца ў тым выпадку, калі да гэтага моманту не атрымаецца эвакуяваць з краіны ўсіх амерыканскіх грамадзян.
"Мы зробім усё, што ад нас залежыць, каб эвакуяваць усіх амерыканцаў і ўсіх нашых саюзнікаў", — сказаў амерыканскі прэзідэнт у інтэрв'ю тэлеканалу АВС. Паводле яго слоў, ЗША плануюць вывезці з краіны таксама ад 50 тысяч да 65 тысяч афганцаў.
У сярэдзіне красавіка Джо Байдэн абвясціў аб рашэнні завяршыць аперацыю ў Афганістане і вывесці адтуль амерыканскія войскі. Пасля гэтага радыкальны рух "Талібан" пачаў браць кантроль над краінай. 15 жніўня баевікі без бою ўвайшлі ў Кабул. Прэзідэнт краіны Ашраф Гані пакінуў краіну. Заходнія краіны пачалі эвакуацыю сваіх грамадзян.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.