Падчас крызісу 5% беларусаў згубілі працу

Але ў крызісе мы схільныя вінаваціць знешнія сілы, а не няправільную эканамічную палітыку ўладаў. Такія высновы зрабілі сацыёлагі, правёўшы апытанне па ўсёй краіне. Эканамічны крызіс, які пачаўся ў 2008 годзе, не прывёў да росту пратэстных настрояў у Беларусі. Яны па-ранейшаму застаюцца на нізкім узроўні — менш за 10% насельніцтва гатова да ўдзелу ў мітынгах ці страйках. Пры гэтым 5% беларусаў згубілі працу, а ў 20% знізіўся заробак.

Такія вынікі нацыянальнага апытання прэзентаваў сёння Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў. Паводле словаў яго дырэктара Віталя Сіліцкага, у крызісе беларусы схільныя вінаваціць знешнія сілы, а не няправільную эканамічную палітыку уладаў:

Віталь Сіліцкі: “Дамінуе яўна тое, што гэта не наш крызіс. На першым месцы — залаты прызёр — гэта кіраўніцтва ЗША (18,1%). На другім месцы (13%) — гэта ніхто: ну, проста так атрымалася, Бог паслаў. І на трэцім месцы — прэзідэнт Беларусі (9,8%). З ім амаль падзялілі бронзу транснацыянальныя карпарацыі і сусветны фінансавы капітал”.

Апроч пагаршэння матэрыяльнага становішча, насельніцтва адчувае зніжэнне вакансій. У выніку напружанасць расце, адзначыла эксперт Марына Батурчык:

“Узмацняецца канкурэнцыя, лаяльнасць незнаёмых людзей адзін да аднаго зніжаецца, мы ўваходзім у перыяд сацыяльнай варожасці, калі кожны ўспрымае іншага як канкурэнта за патэнцыйнае і дзейнае працоўнае месца”.

За год крызісу не адбылося кардынальных зменаў у “сацыяльным кантракце” паміж дзяржавай і грамадствам. Крызіс прымусіў беларускае грамадства задумацца аб вартасцях сацыяльна-эканамічнай мадэлі, але вялікага попыту на перамены не справакаваў.

Віталь Сіліцкі: "Мы цяпер у працэсе нейкага пераасэнсавання, а не зменаў, то бок эластычнасць змены масавай свядомасці па крызісу ў грамадстве нізкая".

Даследаванні паказалі, што крызіс не парушыў утрыманскіх настрояў беларусаў. 40% насельніцтва нічога не намагаліся зрабіць за апошні год, хоць гэта і не палепшыла іх матэрыяльнае становішча.



Што мусіць рабіць дзяржава, каб выйсці з крызісу? Прыкладна 30% грамадства настойвае на антырынкавых метадах — падтрымцы дзяржпрадпрыемстваў, пазыках, адмове ад прыватызацыі буйных прадпрыемстваў, усталяванні кантролю над прыватным бізнесам.

Чвэрць насельніцтва ўхваляе рынкавыя метады выхаду з крызісу. А ўвогуле, у першую чаргу беларусы падтрымліваюць акурат тыя дзеянні ўраду (крэдытаванне эканомікі і знешняе запазычанне), якія больш за ўсё крытыкуе апазіцыя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі