Падлетак у Віцебску зарэзаў мужчыну
Віцебскі гараддзел Следчага камітэта вінаваціць 16-гадовага юнака ў забойстве.
Інцыдэнт адбыўся 27 кастрычніка на вуліцы Гагарына ў Віцебску. Падчас канфлікту падлетак ударыў нажом 35-гадовага мужчыну. Пасля гэтага юнак уцёк з месца здарэння.
Мужчына памёр ад ранаў у лякарні.
Міліцыянты здолелі затрымаць падлетка на працягу гадзіны. Пры ім знайшлі нож, які быў прыладай забойства.
Юнака ўзялі пад варту. Яму выставілі абвінавачанне ў забойстве. Следчыя прызначылі шэраг экспертыз: судова-медыцынскую, судова-псіхіятрычную, дактыласкапічную, медыка-крыміналістычную і генетычную.
Расследаванне працягваецца.