Падшэфнаму калгасу МУС дапамагае пасвіць кароў… асуджанымі

Еўрарадыё даведалася, якую дапамогу атрымліваюць калгасы, падшэфныя міністэрствам. І каму з іх пашчасціла больш за усё. КДБ дапамагае валёнкамі, Мінспорту – мячыкамі ды лыжамі, Мінкультуры – паламанымі камп’ютарамі, а Міністэрства ўнутраных спраў – Палінай Смолавай і асужданымі Калгас Данукалава, што ў Лёзненскім раёне, замацаваны за Міністэрствам спорту і турызму. Фінансавай дапамогі там не дачакаліся. Затое міністэрства час ад часу дапамагае… спортінвентаром. У вольны ад працы час работнікі калгаса могуць згуляць і ў тэніс, і ў більярд, расказвае Еўрарадыё галоўны эканаміст гаспадаркі Ірына Загіт:

“Першы раз дапамаглі спортінвентаром на суму 9 мільёнаў рублёў. І другі раз ужо ў канцы 2007 года на суму 50 мільёнаў рублёў. Мы аддалі яго ў школу. Але і самі карыстаемся – у нас ёсць памяшканне, трэнажорная зала. Першы раз лыжы давалі, чаравікі, мячы… І другі раз мы купілі трэнажоры, більярд, тэніс. Ну, для нашых патрэбаў”.

Ураджайнасць за час спартовага шэфства ніяк не змянілася, смяецца эканаміст: “Гэта ж, вы самі разумееце, ад нас залежыць, а не ад іх. Гэта вынікі нашай працы”. За мінулы год сярэдні заробак у калгасе Данукалава склаў 430 тысяч рублёў.

Не адчулі фінансавай падтрымкі ад дзяржапекуноў і ў калгасе “Авангард” Асіповіцкага раёна. Міністэрства аховы здароўя адразу папярэдзіла: грошай яно не мае і дапамагчы не зможа. Але падлячыцца – не пытанне, кажа Еўрарадыё эканаміст калгаса Святлана Сысой:

“Яшчэ Людміла Пастаялка казала: грошай у нас няма, мы бюджэтная арганізацыя, мы вам дапамагчы не зможам, але палячыцца – калі ласка. Бывае, што дзеці ў каго захварэлі ці яшчэ што… Тэлефануем — і яны нас ужо накіроўваюць на абследаванне ці на лячэнне. Аказваюць дапамогу на больш высокім узроўні — у Мінск, напрыклад, накіроўваюць лячыцца”.

Аднак галоўны эканаміст “Авангарду” скардзіцца Еўрарадыё, што ў гаспадарцы склалі “прыгажэнны” бізнэс-план, па якім планавалі атрымаць фінансавую дапамогу. Нават “міністэрская страха” не дапамагла:

“Мы спрабавалі атрымаць фінансавую дапамогу. Нават бізнэс-план склалі прыгажэнны на вялікую суму. Гэты бізнэс-план і ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі ёсць і ў Міністэрстве аховы здароўя, але на гэтым усё і спынілася…”

Па словах эканаміста, “Авангард” – гаспадарка, якая стабільна развіваецца. Сярэдні заробак “авангардаўца” - 436 тысяч рублёў: “Для калгаса гэта не так і слаба, але калі параўнаць з рэспублікай – гэта палова ўсяго”.

Працаўнікі “Авангарду” зайздросцяць іншым гаспадаркам. Лічаць, што тым з шэфамі пашчасціла болей: “Тым больш пашчасціла. Каго іншыя ўзялі пад сваё шэфства…”

Але ў калгасе “Агра-Сіняўка”, які ў 2004 годзе замацавалі за Міністэрствам культуры, з гэтым не згодныя. Ім не пашанцавала таксама. Гаспадарцы Мінкульт дапамог… паламанымі камп’ютарамі. “Яны і сёння стаяць у нас і не робяць”, - скардзяцца працаўнікі калгаса: “Бог ведае, калі яны нам аказалі нейкую дапамогу – камп’ютары далі паламаныя… І сёння яны стаяць не робяць. Якое шэфства…”

КДБ таксама не надта “сочыць” за сваім “падшэфным”. Племзавод “Бярозкі” Гомельскага раёна ўжо два гады чакае чаго-небудзь ад чэкістаў. А ў 2005 годзе тыя дапамаглі… валёнкамі:
“У канцы 2005 года на вялікую суму далі нам запчастак. Мы ім за гэта нічога не давалі. А ў 2006-2007 ужо нічога не было… І не толькі запчасткі для тэхнікі, а і валёнкі, і нейкая спецвопратка была… Была разавая дапамога, а больш нічога”.

Вось каму пашчасціла насамрэч – гэта калгасу “Гранічы-Агра”, што ў Маладзечанскім раёне. Над ім чацвёрты год шэфствуе Міністэрства ўнутраных справаў. “Вы што? Калі б не яны, загінулі б мы…”, - кажа Еўрарадыё галоўны эканаміст Леаніда Балыш:

Вынаходлівы МУС сам “жыве” з падшэфнай гаспадаркі: аказвае калгасу фінансавую дапамогу, а “Гранічы-Агра” адгружае міліцыі прадукцыю на гэтую ж суму. Выгадна!

Як даведалася Еўрарадыё, шэфы з міліцыі дапамагаюць калгасу нават ботамі і штанамі. За жнівом тут сочыць асабіста міністр Навумаў!

“Спецадзеннем дапамагаюць – боты, якія выходзяць з моды даюць нам, штаны… На жніво, як правіла, прыязджае сам міністр. Міністр прыязджае і глядзіць, што зроблена. Спачатку робіць даручэнні – вось трэба зрабіць тое і тое, а пасля, натуральна, прыязджае і глядзіць, што зроблена, а што не”.

Самая нечаканая дапамога ад Міністэрства ўнутраных спраў – працоўныя рукі. Працуюць усе: курсанты акадэміі, салдаты ўнутраных войскаў і нават… асуджаныя. Для зручнасці ў вёсцы нават пабудавалі спецкамендатуру:

“Асуджаныя таксама дапамагаюць. У нас на месцы гаспадаркі зрабілі спецкамендатуру, у самой гаспадарцы… Таксама нам дапамагаюць гэтыя людзі – і будоўляй займаюцца, і чым захочаце”.

Самае істотнае дасягненне гаспадаркі – павелічэнне галоў жывёлы. Пагалоўе вырасла на 1500 галоваў!

“Мы з нуля адрадзілі свінаферму. Калі яны прыйшлі, у нас ужо не было свінафермы, а мы яе аднавілі. Вырасла пагалоўе на 1500 галоў”.

Дарэчы, міністр унутраных спраў вельмі хваліўся гэтым дасягненнем перад журналістамі на адной з прэс-канферэнцый. Як даведалася Еўрарадыё, калгаснікаў “Гранічы-Агра” шэфы разбэшчваюць забаўкамі: “Песняры”, Паліна Смолава, экскурсіі ў цырк:

“Канцэрты нам арганізуюць. У нас і Паліна Смолава выступала, і Скаражонак з “Песняроў”, і “Радзімічы”. Яшчэ выдзяляюць нам транспарт для турыстычных паездак. Давалі нам транспарт з’ездзіць на Курган славы, музей Вялікай Айчыннай вайны ў Мінск, у цырк, у Жыровіцкі манастыр”.

Толькі чамусьці сярэдні заробак калгаснікаў “Гранічы-Агра” складае толькі 364 тысячы. Даяркі атрымліваюць усяго 269 тысяч, механізатары – 367 тысяч рублёў. Малавата! Заробак гаспадарак, якія шэфы абмінаюць сваёй увагай, чамусьці вышэйшы…

Яшчэ больш пашчасціла калгасу “Айчына” Пружанскага раёна. Не дзіўна - шэфства над ”Айчынай” узяў сам Нацбанк. Галоўны банк краіны не толькі дае крэдыты, але і плануе вытворчасць, расказвае Еўрарадыё кіраўнік гаспадаркі Уладзімір Бандарэнка:
“Аказваюць фінансавую дапамогу для развіцця гаспадаркі, крэдыты даюць. Гэта асноўнае, але яны таксама плануюць нашу вытворчасць…”

Нацбанк ужо набыў у дзяржавы 98% акцый калгаса. Уладзімір Бандарэнка кажа, што самой гаспадарцы без розніцы, хто іх гаспадар — галоўнае, каб давала прыбытак. А прыбытак калгаса, па словах старшыні, летась склаў больш за 3 мільярды рублёў. Дарэчы, гэта 1,4 мільёна долараў:

“Яны забіраюць нашы акцыі, пасутнасці, выкупляюць гаспадарку. Цяпер у банка 98% акцый. Цяпер больш за 3 мільярды прыбытку. А раней было так, што з каленаў ужо не падымаліся, адны страты былі”.

Кіраўніцтва Нацбанка наведвае вёску часта. Толькі што збіраць ураджай не дапамагаюць. Але гэта і правільна, лічыць Уладзімір Бандарэнка:

“Няхай робяць грошы, а ўжо хто збіраць будзе — мы самі знойдзем. Кожны павінен займацца сваёй справай. Калі банкіры пачнуць бульбу капаць…”.

Заробак у калгасе “Айчына” большы, чым у іншых “падшэфных” гаспадарках. Даярка атрымоўвае ў межах 670 тысяч, механізатар – ад 800 тысяч рублёў. Таму і Пётр Пракаповіч радуецца сельскагаспадарчым дасягненням як золатавалютнаму запасу. Калі два гады таму на пытанне пра справы у “Айчыне” ён казаў адным словам “кепска”, то цяпер дакладае пра свае ўраджайныя дасягненні кіраўніку краіны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі