Падтрымаць “КРАМУ” прыедзе Аруцюнаў

Ці адмовіць Мінгарвыканкам вядомаму блюзмэну?
Канцэрт-прэзентацыя альбома “Усё жыццё – дзіўны сон” забароненага гурта адбудзецца напрыканцы чэрвеня. Вынікам супрацьстаяння паміж музыкамі гурта “КРАМА” і ўпраўленнем культуры Мінгарвыканкаму стала адмена абвешчанага пэўны час таму канцэрту-прэзентацыі новага альбома калектыву.
Нагадаем, канцэрт павінен быў адбыцца 30 траўня ў мінскім клубе “NIGHT STAR”. Па словах кіраўніка ўпраўлення культуры Віктара Кураша, ідэолагі Мінгарвыканкаму выявілі ў “КРАМЫ” “нізкі мастацкі ўзровень”.

На гэтай падставе музыкам было адмоўлена ў выдачы разавай ліцэнзіі на арганізацыю і правядзенне канцэрту. А кіраўніцтву клуба паступіла тэлефанаванне з рэкамендацыяй адмяніць запланаваную прэзентацыю новага альбома гурта, які патрапіў у “чорны спіс”.

У размове з карэспандэнтам “Еўрапейскага радыё” лідар “КРАМЫ” Ігар Варашкевіч сказаў, што гэта ніякім чынам не паўплывае на выхад у свет CD з новымі песнямі. Альбом будзе называцца “Усё жыццё – дзіўны сон”. У продаж дыскі паступяць напрыканцы чэрвеня. На гэты ж час музыкі запланавалі міні-прэзентацыю альбома.

Ужо існуе згода на ўдзел у канцэрце лідэра расейскага гурта “Лига блюза” Мікалая Аруцюнава. Нагадаем, вядомы расейскі блюзмэн браў удзел у запісе шэрагу песень з новай праграмы “КРАМЫ”. Аруцюнаў прыедзе незалежна ад таго, наколькі вялікай будзе пляцоўка альбо зала, абраная для правядзення міні-прэзентацыі.

Больш дакладна даведацца аб месцы і дні правядзення канцэрту аматары творчасці “КРАМЫ” змогуць на сайце “Еўрапейскага радыё”.

Акрамя таго, ад пятніцы “Еўрарадыё” сумесна з “КРАМАЙ” распачынае акцыю-конкурс “Скажы сваё слова”. На сайце будуць размешчаныя 4 песні з новай праграмы “Усё жыццё – дзіўны сон”. Кожны жадаючы зможа не толькі паслухаць іх, але і паставіць песням сваю адзнаку. Вызначыўшы такім чынам сваё меркаванне наконт “прафесійнага ўзроўню” як саміх музыкаў, так і іх новых твораў.

Акрамя таго, кожны зможа паспрабаваць сфармуляваць сваю аргументацыю таго, што “КРАМА” мае права выступаць не толькі па невялічкіх клубах, але і на лепшых канцэртных пляцоўках Беларусі (а можа, і свету).

Найлепшыя аргументы адміністратар гурта Павел Кашырын паабяцаў узяць на ўзбраенне і апрабаваць іх на чыноўніках упраўлення культуры ды ідэалагічнага аддзела Мінгарвыканкаму наступным разам, калі пойдзе па чарговую ліцэнзію. Аўтары найлепшай аргументацыі атрымаюць ад музыкаў дыск з новай праграмай у падарунак і пры жаданні змогуць скласці кампанію Паўлу Кашырыну ў паходзе да чыноўнікаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі