Паэта Славаміра Адамовіча затрымалі ў Будславе
Паэта і грамадскага дзеяча Славаміра Адамовіча затрымалі ў Будславе падчас ўрачыстасцяў у гонар абраза Маці божай Будслаўскай. Як паведамляе БелаПАН, паэта затрымалі людзі ў цывільным і прапанавалі даглядзець яго сумку. Пасля адмовы праходзіць дагляд Адамовіча скруцілі і пасадзілі ў машыну хуткай дапамогі. Затым яго на гэтай машыне павезлі на медагляд у суправаджэнні міліцыянта.
Славамір Адамовіч паспеў паведаміць, што людзі ў цывільным прадставіліся сябрамі БРСМ, а сваё затрыманне ён лічыць незаконным. У Будслаў ён прыехаў, каб адведаць магілы сваіх продкаў.
Будслаўскі фэст праходзіць у Беларусі штогод і збірае вялікую колькасць каталіцкіх вернікаў з розных краінаў. Сёння і заўтра тут адбудуцца святочныя набажэнствы. Адно з іх пройдзе з удзелам папскага легата кардынала Крыстафа Шонбарна.