Пафнуцій Кузюкян: Музыка не мусіць мець мозг. Але на дрэва залезці трэба

Ён знаходзіцца ў прывілегаваным стане: жыве на лецішчы круглы год. Таму можа сабе дазволіць дуць доўгія і кароткія гукі на валторне, альпійскім рогу, флюгергорне хоць у гадзіну ночы, а хоць і ў чатыры. Яшчэ ён агучвае ваўкоў у дзіцячых мульціках, але гэта ўжо іншая гісторыя. Паша Кузюковіч-Пафнуцій Кузюкян распавядае пра рэкі з кісельнымі берагамі, кубікі Міхалка і гарманічны стан, які можа здарыцца калі музыка займаецца музыкай.

Еўрардыё: Паша, чаму ты зрабіўся Пафнуціем? Гэта нейкі выклік ці спосаб прыцягнення ўвагі да ўласнай персоны?

Пафнуцій Кузюкян: Проста зрабіў, каб было весялей, як у 20-30-я гады: я слухаў пласцінку пра Хармса і яго сяброў, як яны выходзілі на Неўскі праспект і крычалі… І вось гэты стан лёгкасці і несур’ёзнасці. Ну, мне так і хацелася. Я марыў, каб вялікімі літарамі на філармоніі было напісана: “Пафнуцій Кузюкян: Вівальдзі” (смяецца). Спачатку гэта быў жарт, не пазбаўлены долі праўды. Таму што я, як доктар Джэкіл і містар Хайд — у адным месцы— Паша, у другім — Пафнуцій. І не ведаю, каго больш баяцца. Але атрымалася раздзяліць: Паша я ў сябе на вёсцы, а Пафнуцій — на сцэне ці на рэпетыцыі. Магчыма, дзякуючы гэтаму я магу зазірнуць некуды “туды”.

Еўрарадыё: Натуральна, што не абысціся без пытання пра “Ляпісаў”. Навошта музыкі пакідаюць такія мегагурты, як "Ляпіс Трубяцкі"?

Пафнуцій Кузюкян: Ну, каб трапіць у Rolling Stones! Але я тут прагадаў (смяецца): Мік Джагер абяцаў,абяцаў, а ўзяў у гурт маладую афіцыянтку, наколькі я чытаў у газетах!

Еўрарадыё: І ўсё ж, чаго там замнога і чаго не хапае?

Пафнуцій Кузюкян: Ой. Ну я не ведаю. Цяпер, напэўна, усё добра! Мне б такія кубікі накачаць на прэсе! (смяецца)

Еўрарадыё: У цябе не атрымалася!

Пафнуцій Кузюкян: Не! Міхалок у гэтым плане значна мацнейшы за мяне. Але буду спаборнічаць з ім у нечым іншым.

Еўрарадыё: З чаго ты пачаў свой новы этап?

Пафнуцій Кузюкян: Я проста вярнуўся ў свой гарманічны стан. У прынцыпе, ён і там быў гарманічны. Але я сумаваў доўгі час па аркестры, па аркестравай ігры — па тым, чаму я вучыўся ў студэнцкія гады. Я вярнуўся. Перада мной адкрыўся новы свет, і плюс да ўсяго, магчымасць знаходзіцца на адным месцы. У свой вольны час я пачаў граць усюды і з усімі. І ў маёй галаве цяпер столькі рознай музыкі, што для ігры п'ес, якія я ведаю напамяць, я бяру ноты, бо ў любы момант у галаве можа ўсплыць партыя з іншых месцаў, якая мяне можа збіць. Я магу нават пераблытаць мінорную танальнасць і заіграць у мажоры. Гэта можа быць, натуральна, калі я стомлены, і не спрацоўвае самакантроль. То бок, я зажыў вельмі насычана, знаходзячыся на адным месцы. Бо калі граў у гурце, вельмі шмат часу сыходзіла на перамяшчэнні ў прасторы. Ёсць у гэтым свае плюсы і мінусы.

Але тут з'явіўся час, і вакол апынулася вельмі-вельмі шмат таленавітых людзей — такіх проста адкрытых. І калі ў цябе атрымліваецца з імі ўвайсці ў кантакт, то ўзнікаюць узаемасувязі творчага характару, і гэта некуды нясецца. Як рака. Я думаю, што гэта ёсць ва ўсіх, але ў гэтай рацэ пажаданыя кісельныя берагі. Тады гэта вырастае ў закончаныя творы. Бяда некаторых людзей, якія рухавыя, хісткія у тым, што яны не выстаўляюць пэўных межаў, не бачаць берагоў. У гэтай рацэ не кожны можа купацца… Вось такое адбылося само сабой. Гэта стала ладам жыцця, пра што я і марыў. Таму што я музыка, і хацелася, каб можна было сказаць, што музыка стала неад'емнай часткай твайго жыцця. Гэта не цяжка, але каб адбылося на самой справе... Вось, выключыў тэлевізар, вось, пераехаў на вёску, вось, у цябе шафа пласцінак, стопка кніжак, часопісаў, замежнай літаратуры. Вось, пад рукой інтэрнэт, у якім цяпер ёсць усё. І ты сам можаш у гэтым купацца. Ёсць шмат цікавых для мяне сфер, але, напэўна, больш за усё я ведаю і ўмею ў класічнай сферы, таму што там прайшла большая частка майго жыцця. Там цэлы акіян, і я ў ім купаюся, як дэльфін (смяецца).

Еўрарадыё: Ну, і нейкім чынам цябе занесла ў нью-джаз.

Пафнуцій Кузюкян: Ну, гэта не мы вызначалі. Але што гэта, насамрэч, я не ведаю. Так было ў гэтай рацэ: стаяла задача, якую я сам сабе паставіў, хоць мог гэтага не рабіць — запісаць кампазіцыю. З'явілася адна, з'явілася другая — гэта было мінімум рэпетыцый з сапраўды талковымі людзьмі, якія жывуць музыкай. Цяпер жа ўсё прасцей праз камп'ютар. Хачу асцярожна яго выкарыстоўваць, не правіць нічога. Напрыклад, на альбоме няма ніводнага ўдару барабана, выпраўленага ўправа ці ўлева. Але калі раптам у цябе атрымаўся лішні кавалак, то яго можна адрэзаць. Гэта як прычоска. То бок, валасы растуць, але калі іх не падстрыгаць, у некага прыгожая капна вырасце, як у Джымі Хендрыкса, а некаму будзе добра і з лысінай, як у Леніна... Я не катаваў людзей. Распавёў пра ідэю. А яны ўсе выдатныя музыкі. Я не лез да іх. І гэта мой прынцыповы падыход, таму што, што я прылезу? Са сваім бачаннем, са сваім уменнем і са сваім досведам? У такім выпадку я зраблю ўласна свой праект. Так я магу запісаць сам, эксперыментуючы, у духу Уэйтса. Але гэта такога ўзроўню (смяецца), што нікому паказваць не буду. Так, як трэніроўка. Вось з гэтага ўсё вырасла. А тое, што ён крыху стаў прыджазаваным (не люблю гэта слова, але не знаходжу іншага), не ведаю, чаму так атрымалася. Магчыма таму, што ў той момант я слухаў шмат Труфаза і Мальваера і іншых трубачоў, я шукаў, мне быў цікавы іх гук. Тая музыка, якая вакол, якую мы слухаем, яна, натуральна, паўплывала. Няма канкрэтна нейкага ўплыву, але нейкія водгукі былі. Бо джазу я ніколі не вучыўся, наўрад ці я буду вучыцца — да пенсіі мне некалькі гадоў (смяецца). А рабілі мы авангардны праект!

І выдаў я пласцінку, калі ўбачыў, што атрымалася закончаная гісторыя. Усе ідэі, якія былі, яны дастаткова прымітыўныя, але яны былі. І іх атрымалася ўвасобіць — чаму б не выпусціць? І вакол людзей знаходзілася — вулей, дызайнераў, фатографаў, якія прачыналіся і казалі: “Так, у мяне ёсць вольны час, давай папрацуем”. І мяне радуе, што яны, па-першае, мне давяраюць, па-другое, ідуць на кантакт, а па-трэцяе, калі мы ўсё гэта робім, нешта такое адкрываецца. Па-дзіцячы непасрэднае? Магчыма, таму я ўвесь час не разумеў, чаму ў аркестрантаў такія жалобныя твары нават у мажоры (смяецца). Ідзе ж маленькі чалавек у музычную школу: “А, я пабрынькаю, я падую”, юныя барабаншчыкі і так далей. Усе адкрытыя. Але паступова прафесія пачынае зацягваць, зацягваць, твар пакрываецца коркай, кшталту егіпецкай муміі. І усе з сумам гавораць: “Я іду на працу”. І гэта людзі творчай прафесіі! Што ўжо гаварыць пра будаўнікоў?

Дзякуючы ўсім людзям, якія былі вакол, таленавітым, лёгкім на пад’ём, гэта ўсё атрымалася. Мой удзел — гэта было проста языком памалаціць, як у вас тут на радыё (смяецца).

Самае галоўнае, што часу на гэта ўсё больш за ўсё займала ў мяне — я стараўся не адрываць музыкаў на пустыя размовы. Бо часта так бывае, што нехта нечым кіруе, а ў самога ўнутры нічога няма. Няма? Дзякуй! Да пабачэння. Сядзь, падумай, залезь на дрэва ў рэшце рэшт. Хто залазіў на дрэва апошні раз? Калі? Не ведаеш, што табе рабіць — залезь на дрэва! Вось гэта сапраўднае… Мы так гаворым, нібыта я запісаў альбом на стагоддзі (смяецца). Забудзецца праз месяц.

фота Максіма Шуміліна

Еўрарадыё: Музыкі Pafnutiy's Dreams ствараюць музыку, якая знаходзіцца паміж рэальнасцю і снамі.

Пафнуцій Кузюкян: Так-так-так. Гэта была адна з ідэй. Той стан мне вельмі падабаўся. Падчас гастроляў таго знакамітага гурта, якуі мы ўзгадвалі, часта не бывае сну, і ты можаш засынаць у любы момант. І вось, седзячы ў мікрааўтобусе, будучы 3-4 дні без сну, ты ловіш нейкі сон, нейкі рух, і не разумееш, ці спіш ты, ці яшчэ нешта. І ў гэтым стане ты вандруеш. Гэта не такі расслаблены сон. Нібыта і цела тваё працуе, але гэта, думаю, псіхічна памылковае адчуванне. І гэта вельмі цікавыя вандроўкі паміж рэальнасцю і сном. І я шукаў слова. І вось, пясочны чалавек — гэта не герой коміксаў, гэта акурат такі стан, калі чалавек і не спіць разняволена, як кот, і не наадварот.

Вось, мой любімы фільм Джармуша “Мярцвяк” – я гатовы яго пераглядаць тысячу разоў — вось такі мярцвяк. Але, вядома, я не Ніл Янг, каб так сыграць (смяецца). І калі пад музыку Pafnutiy's Dreams можна заснуць, то я лічу, што мэта гэтай музыкі была дасягнутая.

І плюс да ўсяго, радуе, што атрымалася не паўтарацца. Вельмі я паважаю і лічу сваім настаўнікам Аркадзя Шылклопера — гэта чалавек, які адкрыў мне вочы на тое, як можна абыходзіцца з інструментам. У 18 гадоў я ўпершыню яго пачуў на жыва, у мяне ўзнялася тэмпература. Гэта чалавек, які знаходзіцца на высокім тэхналагічным узроўні, плюс, з’яўляецца генератарам ідэй. Такія людзі, як ён, рухаюць свет, але могуць заставацца недаацэненымі і быць спецыфічнымі па эстэтычным ўспрыняцці. Аднак тыя рэчы, якія яны робяць — для прафесіяналаў архіістотныя. Таму што, калі ты не чуеш нечага, самому нешта новае знайсці вельмі складана. Калі ты малады, ты арыентуешся на тых людзей, чыя творчасць табе падабаецца. Ты спрабуеш быць падобным да іх. Таму журналісты мусяць пісаць пра добрых музыкаў толькі натхняючыя рэчы, бо маладыя потым глядзяць на іх, і спрабуюць капіяваць (смяецца). Гэта працуе. Мінск, як і іншыя гарады, проста нашпігаваны людзьмі ні пра што. Людзі не ведаюць, куды ідуць, навошта ідуць. Гэта не таму, што яны кепскія, а таму што ў іх няма часу спыніцца і залезці на дрэва. Падумаць? Нашто думаць, калі мазгоў няма! Выдатныя музыкі ёсць без мазгоў. Значна лепшыя за мяне. Не абавязкова, каб у музыкі быў мозг. Але на дрэва залезці трэба.

Еўрарадыё: Ты кажаш, што вы пачалі рэпетаваць і пашырылі склад. То бок, усё ж з’явіліся ў каманды планы?

Пафнуцій Кузюкян: Самы галоўны план — захаваць стан лёгкасці, стан жывой музыкі і не закапацца ў гэтым. У нас вельмі добра атрымоўваецца свабодная імправізацыя. Вельмі. Мы ўсё гэта пішам на дыктафон, бо яно сплывае, як рака, і гэта потым не паўтарыць. Мы слухаем запіс, і адзін з музыкаў кажа: “Том Ёрк бы заплакаў”. А часам гучыць лухта, і нікуды ад гэтага не падзенешся. І вось сумясціць гэтую лёгкасць, пакінуць кавалкі імправізацыі, але, галоўнае, каб ўвесь час атрымлівалася – вось гэта асноўная задача. Не магу сказаць, складаная яна ці не. Гэта працэс. А пра працэс складана гаварыць. У ім лягчэй знаходзіцца. Ім лягчэй кіраваць, купацца ў гэтым. Пакуль што сабраўся склад людзей, якія не узводзяць сцены, цябе ў гэтыя сцены не зацягваюць, і ты не пачынаеш дзейнічаць на закрытай тэрыторыі. Там ужо без варыянтаў. Можна выкапаць нешта. Але нот дык усяго 7! Што там капаць?

Капаць могуць геніі. Кампазітары ўзроўню Вэрдзі і іншых класікаў. Думаю, у іх усё атрымоўвалася натуральным чынам. А выдумляць — гэта, напэўна, самае шкоднае для музыкі. Вельмі ў гэтым сэнсе кепскія жанры: мы граем ска, мы граем джаз. На мой погляд, калі ты сябе абмяжоўваем такім чынам, ты ўжо заўчасна прайграеш. Таму што лепш джаз, чым Майлз Дэвіс, ты ўжо не сыграеш. Няхай прабачыць мяне Пукст (смяецца)!

Еўрарадыё: Пра “капаць” у беларускай музыцы. Хто ў нас спрабуе “капаць”? Хто нешта такое “выкапаў”, што магло цябе ўразіць?

Павел Кузюковіч: Я магу сказаць, што мне спадабалася. А ўразіла… Я быў бы вельмі злы, калі б нехта сказаў, што яго ўразіў мой альбом. У свой час мне падабаліся Yellow Brick Road, The Toobes, “Петля Пристрастия”, Пукст. Ну, я спадзяюся, што мы запішам новы альбом, які мяне ўрадзіць (смяецца). Я аддаў на расправу некалькі п’ес хлопцам, каб я зусім у іх не ўдзельнічаў. Мая залатая мара — каб я прыйшоў і сказаў: “Як вы гэта зрабілі? Пачакай-пачакай? Дай-ка запаволю — не магу зняць, запішыце нотамі”… Ну што, я як Мік Джагер(смяецца).

Дарэчы, дэбютнік Пафнуція і кампаніі "The Sandman" атрымаў некалькі ўзнагарод на прэміі Experty.by.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі