Палац спорту "Уручча" хочуць мілітарызаваць. Клуб СКА — супраць

Палац спорту "Уручча" хочуць мілітарызаваць. Клуб СКА — супраць

Неспартовы скандал разгараецца паміж дзвюма арганізацыямі, якія дзеляць Палац спорту "Уручча" — Спартыўным камітэтам Узброеных сіл і ўласна гандбольным клубам СКА, піша "Прессбол"

У Палацы пад столлю вісяць майкі легендаў армейскага спартовага клуба: Аляксандра Каршакевіча, Юрыя Шаўцова, Георгія Свірыдзенкі, Аляксандра Тучкіна, Канстанціна Шараварава, Міхаіла Якімовіча, Андрэя Барбашынскага і Андрэя Мінеўскага. Спорткамітэт патрабуе перавесіць іх да трыбуны "В", адкуль яны амаль не будуць бачныя. Замест гэтых спартовых артэфактаў, важных для заўзятараў, вайскоўцы хочуць вывесіць з боку галоўнага экрана сцягі з сімволікай Узброеных сіл і спартыўных арганізацый краіны.

У лісце за подпісам старшыні Спорткамітэта Узброеных сіл палкоўніка Анатоля Ханеўскага гаворыцца, што майкі мусяць быць перавешаныя да 11 жніўня. "У выпадку, калі майкі не будуць перавешаныя ў названы тэрмін, яны будуць перавешаныя супрацоўнікамі ДІУС без вашага ўдзелу", — адзначае ён.

Дырэктар гандбольнага клуба СКА Павел Галкін у сваім адказе запярэчыў палкоўніку Ханеўскаму. Ён назваў непераканаўчым аргумент, што майкі не надаюць эстэтычны выгляд палацу. 

"Палац гульнявых відаў спорту — гэта не вайсковая спартыўная зала на закрытай тэрыторыі і нават не Дом афіцэраў з доступам для грамадскасці. А міралюбная краіна Беларусь — не КНДР, і палац — гэта месца, дзе неабходна праводзіць ідэалагічную работу ў галіне спорту і алімпійскага руху, як гэта выказана ў даручэнні Савета міністраў Рэспублікі Беларусь №05/105-542/8689. Гэта спартовае збудаванне для правядзення спаборніцтваў, у тым ліку і міжнародных, па розных відах спорту. У бліжэйшыя месяцы ў палацы будуць праходзіць матчы Лігі чэмпіёнаў па міні-футболе і Кубак Еўрапейскай гандбольнай федэрацыі. І наяўнасць мілітарызаванай сімволікі будзе выглядаць крыху дзіўна, улічваючы тое, што "спорт — пасол міру", — патлумачыў у сваім лісце Галкін.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі