Палата прадстаўнікоў разгледзіць новы закон аб аўтарскім праве

Палата прадстаўнікоў разгледзіць новы закон аб аўтарскім праве

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў маюць намер разгледзець на вясенняй сесіі папраўкі ў закон аб аўтарскім праве і сумежных правах. Пра гэта БЕЛТА паведамляе са спасылкай на сябра Сталай камісіі парламента па адукацыі, культуры і навуцы Аксану Няхайчык.

Адна з галоўных навацый дакумента — увядзенне ў нацыянальнае заканадаўства паняцця "адкрытая ліцэнзія". Гэта такая дамова далучэння, якая дазваляе праваўладальніку, які зрабіў публічную аферту, уступаць у дагаворныя адносіны з неабмежаваным колам асобаў. Прычым гэтыя людзі сваімі дзеяннямі павінны выказаць згоду на прыняцце заяўленых умоў выкарыстання твора або аб'екта сумежных правоў.

Мяркуецца, што ліцэнзійныя дамовы, якiя заключаюцца ў парадку адкрытай ліцэнзіі, будуць бязвыплатнымі, а гэта паспрыяе больш шырокаму доступу грамадзян да твораў літаратуры, мастацтва, кампутарным праграмам і іншых аб'ектаў аўтарскага права і сумежных правоў, якія распаўсюджваюцца іх праваўладальнікамі на некамерцыйнай аснове.

Акрамя таго, адзін з артыкулаў дзеючага закона дапаўняецца новай нормай, якая прадугледжвае права аўтара заключыць у вуснай форме ліцэнзійную дамову аб выкарыстанні твору ў перыядычным друку, у тым ліку з правам заключэння ліцэнзіятам бязвыплатнай субліцэнзійнай дамовы.

Аксана Няхайчык дадала, што законапраект сярод іншага прадугледжвае ўзгадненне ў Беларусі і Расіі асноўных прынцыпаў і механізмаў прававога рэгулявання ў сферы аховы і абароны правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці. У цэлым жа дакумент ліквідуе калізіі дзеючага заканадаўства, але кардынальна не змяняе грамадскія адносіны, якія склаліся ў гэтай сферы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі