Палітолаг: Партыі ўяўляюць сабой хутчэй студэнцкія, а не палітструктуры

111024 Kazakevich_site.mp3

Еўрарадыё: Чаму, на ваш погляд, склалася ў Беларусі такая сітуацыя, калі ў грамадскіх арганізацыях, палітычных партыях вельмі рэдка мяняюцца кіраўнікі? Гэта адбітак палітычнай сітуацыі ў краіне ці тут справа ў іншым?

Андрэй Казакевіч: Прычыны ў дзяржаўных і недзяржаўных структурах розныя. Нельга адназначна сказаць, што ў дзяржаўных структурах людзі не мяняюцца. Ідзе ратацыя міністраў, прэм’ер-міністраў, дэпутатаў парламента. Ратацыя ёсць, хоць яна і ніжэйшая, чым у дэмакратычных краінах. Што тычыцца грамадскіх арганізацый і палітычных партый – асноўную прычыну я бачу ў тым, што, калі грамадская арганізацыя дзейнічае ў неспрыяльных умовах, то павышаецца роля індывідаў, якія яе ўзначальваюць, шмат што завязваецца на іх, шмат што не можа адбывацца публічна. Гэтая сітуацыя перашкаджае прытоку новых кадраў, новых людзей, валанцёраў або функцыянераў у такія арганізацыі.

У многіх выпадках, нават нягледзячы на пазіцыю кіраўніцтва, якое часам і шукае сабе змену, у значнай ступені гэта прыводзіць да таго, што дзейнасць арганізацыі завязваецца на адным чалавеку. І калі ён сыходзіць – арганізацыя фактычна перастае існаваць ці ператвараецца ў штосьці іншае.

Зараз атрымліваецца, што моладзь спрабуе стварыць нейкія новыя арганізацыі, чым улівацца ў тыя, што існуюць. Нельга сказаць, што гэта вельмі эфектыўны працэс, што новая арганізацыя лепш дзейнічае. Гэты фактар неспрыяльных умоваў будзе так ці інакш вызначаць працэсы і падвышаць ролю асобы ў межах арганізацыі, будзе знішчаць магчымасць нейкай нармальнай дэмакратычнай ратацыі і ўвогуле дэмакратычных працэсаў унутры арганізацыі. Гэтая сітуацыя можа змяніцца толькі тады, калі ўмовы стануць больш свабоднымі, дэмакратычнымі, калі не будзе ціску на гэтыя арганізацыі.

Еўрарадыё: А ў чым прычына адсутнасці ратацыі кадраў у палітычных партыях?

Андрэй Казакевіч: Мы ведаем прыклады, і калі адбывалася ратацыя, і калі кіраўніцтва не мянялася, але неэфектыўна працуюць партыйныя структуры і ў першай, і ў другой сітуацыі. Я не сказаў бы што ў партыі новаму чалавеку цяжка зрабіць кар’еру. Можа быць, не стаць старшынёй, але намеснікам ці ўзначаліць раённую арганізацыю дастаткова проста, бо людзей, у прынцыпе, няма.

Вельмі мала актыўных людзей зараз у партыі, бо шмат для каго гэта звязана з сацыяльнай рызыкай, з рознымі негатыўнымі сацыяльнымі наступствамі. Напрыклад, быць выкладчыкам універсітэта і ўдзельнічаць у палітычным жыцці – гэта значыць спыніць магчымасць для кар’еры ў дзяржаўнай установе, або нават да звальнення.

Гэта ж тычыцца тых, хто спрабуе спалучыць бізнэс і палітыку. Калі гэта не прыносіць нічога пазітыўнага, не спрыяе самарэалізацыі, рэалізацыі палітычных ці іншых амбіцый, то гэтыя людзі падчас буйных палітычных кампаній прыходзяць у палітычныя партыі але пазней сыходзяць, бо ў межах партыі дасягнуць нейкіх мэтаў цяжка.

Палітычная сфера ў нас зараз маргіналізаваныя, нармальнага дэмакратычнага працэсу няма. Гэта ўсё я разглядаў бы, як асноўную прычыну крызісу. Зноў жа, гэта, як і для грамадскіх арганізацый – неспрыяльныя ўмовы дзейнасці. Самі партыі зараз прадстаўляюць сабой хутчэй студэнцкія структуры, а не класічныя палітычныя арганізацыі. Гэта ўсё зніжае жаданне моладзі у іх удзельнічаць, гэта аб’ектыўны працэс, а не таму што моладзь кепская ці тыя, хто зараз кіруе, не даюць ёй штосьці рабіць.

Еўрарадыё: Вяртаючыся да пытання ратацыі ва ўладзе, чаму ў нас няма 40-гадовых і нават маладзейшых міністраў, якія ёсць у іншых краінах?

Андрэй Казакевіч: Трэба было б вывучыць статыстычна гэтыя акалічнасці. Міністра мы, напэўна, не знойдзем, але на ўзроўні намеснікаў міністраў, я думаю, такія прыклады ёсць, асабліва, калі браць прамысловыя структуры. Але ў прынцыпе, для аўтарытарных рэжымаў характэрны больш высокі ўзрост. Для таго, каб чалавеку ўбудавацца ў аўтарытарную сістэму, патрабуецца пэўны час. Паступова, калі ён ужо лічыцца правераным кадрам, які мае легітымнасць, мае неабходныя сувязі, ён паступова пачынае ўздымацца і атрымоўвае магчымасць заняць высокую пасаду. Гэты час у аўтарытарных рэжымах больш працяглы, чым у дэмакратычных, дзе праз некаторыя стадыі можна пераскочыць, таму што чалавек можа прапанаваць, напрыклад, нейкую інавацыйную ідэю для партыі ці паспяхова правесці выбарчую кампанію.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі