Палітолаг: У нас ёсць спецыфічная дэмакратыя, прынамсі ў галовах некаторых

Аўтары курса палітолагі Алесь Лагвінец і Тацяна Чуліцкая ў эфіры Еўрарадыё.

111114 LagvinecS.mp3

Алесь Лагвінец: Калі сказаць прасцей, курс называецца “Палітычнае жыццё ў Беларусі”. Курс робіцца ў рамках Беларускага цэнтру, які існуе ва ўніверсытэце Лазарскага.

Тацяна Чуліцкая: Гэты курс адкрыты, на яго могуць прыйсці ўсе жадаючыя, і менавіта таму мы пачынаем рабіць яго на ангельскай мове, каб паглядзець, хто на яго прыйдзе. Калі прыйдуць толькі нашыя суайчыннікі, то, магчыма, мы будзем рабіць яго па-беларуску. Ідэя курса – распавесці пра тое, што адбываецца ў публічнай палітыцы Беларусі. Бо нават сам канцэпт публічнай палітыкі спрэчны для Беларусі. Мы паспрабуем разам з удзельнікамі інтэрактыўна абмеркаваць яго і прыйсці да нейкай высновы.

Еўрарадыё: А якой будзе форма курса?


Алесь Лагвінец: Мы ўжо маем досвед выкладання не ў горшых навучальных установах, у тым ліку ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце. Відавочна, мы разлічваем на самыя розныя формы работы з удзелам студэнтаў. Я думаю, трэба закрануць тых студэнтаў, якія паходзяць з Беларусі, але не моцна палітычна заангажаваныя. Ва ўніверсітэце Лазарскага вучыцца пэўная колькасць беларускіх студэнтаў, бацькі якіх дастаткова заможныя, каб плаціць за навучанне, хацелася б каб гэтыя студэнты зацікавіліся нашым курсам. Калі ў Беларусі няма магчымасці штосьці выкладаць, то трэба шукаць беларускіх студэнтаў у іншых месцах. Ёсць спадзеў, што частка гэтых студэнтаў вернецца ў Беларусь і будзе працаваць на карысць Беларусі.

Еўрарадыё: Чаму будзе прысвечаны курс?


Тацяна Чуліцкая: Курс будзе прысвечаны публічнай палітыцы, незразумеламу для беларусаў паняццю, бо ў Беларусі існуе хутчэй дзяржаўнае кіраванне. Мы будзем абмяркоўваць палітыку, якая існуе зараз у Беларусі, якія суб’екты палітыкі існуюць. Паспрабуем закрануць такі аспект як эканамічная палітыка, паразмаўляць пра выбары і пра тое, у які бок варта ісці Беларусі.

Еўрарадыё: Спадар Алесь, вы заангажаваны ў тую дзейнасць пра якую збіраецеся распавядаць – у палітычную. Ці атрымаецца ў вас абстрагавацца ад эмацыйнай сувязі з прадметам?


Алесь Лагвінец: Гэта складана рабіць, але для даследніка гэта ёсць выклікам, на які ён будзе адказваць. Мы пачынаем з базавых паняццяў. Выкладанне гэта не проста нейкая адзіная праўда, якая прапаноўваецца студэнтам. Выкладанне – гэта спалучэнне розных бачанняў, гэта развіццё крытычнага мыслення ў аўдыторыі. Мы будзем карыстацца ўсімі магчымымі крыніцамі дзеля таго каб прапаноўваць альтэрнатыўнае бачанне. Я думаю што мая заангажаванасць можа быць як мінусам так і плюсам.

Еўрарадыё: Вы лічыце, што па выніках гэтага курсу можна прыйсці да высновы, якая не гучала б песымістычна?


Тацяна Чуліцкая: Наш курс прысвечаны таму, каб людзі бачылі перспектывы тых палітычных працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі. У нас няма дэмакратыі ў заходнім сэнсе слова, але ў нас ёсць спецыфічная дэмакратыя, прынамсі ў галовах некаторых людзей. Я думаю, што крытычнае стаўленне, разуменне канцэптаў і разуменне праз тэарэтычную прызму таго, што адбываецца ў Беларусі, будзе вельмі карысна. Бо адукацыя ў шырокім сэнсе – гэта бачанне з перспектывы розных пунктаў гледжання на адну і тую ж праблему. Калі мы ведаем, мы абароненыя, намі немагчыма маніпуляваць.

Алесь Лагвінец:  Увогуле, адукацыя ў Беларусі – гэта палітычная справа, такой  яе робіць беларускі палітычны  рэжым. Тут мы як грамадзяне Беларусі не маем выбару: у рэшце рэшт палітычны аспект абавязкова будзе. Тут дзейнічае закон попыту і прапановы. Ёсць попыт часткі беларусаў, каб вучыцца не ў Беларусі, мы хочам знайсці іх і вярнуць у бок Беларусі, каб яны лепш разумелі, што адбываецца, з дапамогай паняццяў якія сёння выкарыстоўваюцца ў палітычнай навуцы.

Еўрарадыё: Вы лічыце, што ў польскіх вышэйшых навучальных установах недастаткова ўвагі надаюць вывучэнню праблемаў Беларусі?


Алесь Лагвінец:  Пэўная ўвага ёсць, але спецыялізаванага вывучэння Беларусі здаецца няма. У рамках Беларускага цэнтру пры універсітэце Лазарскага можна стварыць такі асяродак. Польшча – краіна з 40 мільёнамі грамадзянаў, вельмі актыўная ў Еўразвязе, эканамічна і дынамічна развіваецца. А Беларусь - гэта 10 мільёнаў спажыўцоў, якія глядзяць і на Захад і на Усход. У Польшчы мусіць быць пэўны інтарэс да Беларусі і мы прапаноўваем ім веды пра Беларусь.

Еўрарадыё: Нават студэнтам з Казахстану, што вучацца ў Лазарскім?


Алесь Лагвінец: А чаму б і не? Гэта краіна, якая знаходзіцца ў мытным саюзе з Беларуссю. Механізмы публічнай палітыкі там таксама даволі абмежаваныя, а палітычны рэжым можа быць параўнаны з беларускім.

Тацяна Чуліцкая: Калі на наш курс прыйдуць студэнты з іншых краінаў, было б вельмі цікава параўнаць тыя працэсы, якія адбываюцца зараз у розных краінах.

Еўрарадыё: Якіх тэмаў не хапае сучаснай беларускай навуковай думцы?


Алесь Лагвінец: Па-першае, я казаў бы пра гуманітарны кірунак. Нашыя гуманітарныя навукі па палітычных прычынах знаходзяцца ў пэўнай адчужанасці ад таго, што адбываецца ў сусветнай гуманітарнай навуцы. Ёсць палітычныя і ідэалагічныя чыннікі, якія гэтаму перашкаджаюць. Ёсць і моўныя чыннікі: немагчыма ўспрымаць паліталогію толькі праз расійскамоўныя пераклады. Трэба чытаць арыгінальныя тэксты, трэба ствараць сваю школу. Пэўныя рэчы адбываюцца, але яны не падтрыманыя дзяржавай.

Напрыклад, ёсць часопіс Палітычная сфера. Ёсць добрыя выкладчыкі ў ЕГУ, ёсць адзінкавыя прыклады навукоўцаў у дзяржаўных універсітэтах, але ім не даюць разгарнуцца. Нашыя выкладчыкі і студэнты не жывуць нармальным еўрапейскім жыццём, калі яны могуць вольна наведваць заняткі, удзельнічаць у праграмах абменаў, могуць параноўваць, тое, што выкладаецца, калі яны могуць узаемазалічваць розныя прадметы. Беларусь крыху адлучаная ад агульнаеўрапейскіх працэсаў. Ёсьць Балонская сістэма, якая прапаноўвае шляхі да гарманізацыі вышэйшай адукацыі.

Мы памятаем заявы кіраўніцтва пра тое, што ў нас не самая горшая адукацыя. А пытанне адукацыі сярэднетэрміновае і доўгатэрміновае. Калі грамадства не ў стане задумацца, якім чынам праектаваць сябе ў будучыню, то паўстаюць вялікія пытанні, ці здольнае да далейшага развіцця гэтае грамадства. Сотні і нават тысячы беларусаў сёння вучацца не ў Беларусі. Так ці інакш яны камунікуюць з аднагодкамі і бацькамі. Працэс мадэрнізацыі і еўрапеізацыі Беларусі ідзе такім чынам знізу, з перашкодамі з боку дзяржавы, але ён усё ж ідзе.

Тацяна Чуліцкая: Нам дакладна не хапае даследавання дзяржаўнага кіравання. Тое што пішуць сёння ў акадэміі кіравання пры адміністрацыі прэзідэнта – мы ўсе разумеем, што гэта за даследаванні. А незалежных даследаванняў сёння няма, і вельмі складана іх рабіць. Мы не маем дастатковай інфармацыі. Вельмі нестае такіх даследаванняў па сучаснай палітычнай сітуацыі, па тым, што адбываецца ў нашай вельмі закрытай палітычнай сістэме.

Еўрарадыё: А якія планы ёсць апроч гэтага курсу?


Тацяна Чуліцкая: Галоўная для нас падзея апроч курса - канферэнцыя, якую мы будзем праводзіць праз месяц. Ёсць ідэя сумясціць гістарычны фокус і сучасны фокус, паглядзець, што адбываецца ў Беларусі і ў суседзяў на працягу некалькіх стагоддзяў. Некалькі секцый будзе па сучаснай палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Адну з панэляў мы плануем таксама прысвяціць палітолагу Віталю Сіліцкаму.

Еўрарадыё: А ці будуць новыя публікацыі пасля гэтай канферэнцыі?


Алесь Лагвінец: Як і пасля кожнай канферэнцыі ва ўніверсітэце Лазарскага, а гэта ўжо чацвёртая такая канферэнцыя, будзе выдадзены зборнік матэрыялаў. Апроч таго мы маем план займацца перакладамі, падрыхтаваць кнігу па публічнай палітыцы, добры падручнік разам з нашымі польскімі калегамі. А ў мяне ёсць мара выдаць рыдэр - зборнік тэкстаў па еўрапейскай інтэграцыі. Я таксама планую зрабіць гэта ў наступным годзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі