Палітолагі: Інфармацыйныя войны пагоршылі стаўленне расіян да беларусаў

Беларусь упершыню трапіла ў спіс краін, ад якіх, нібыта, сыходзіць пагроза Расіі — такія вынікі сацыялагічнага апытання, праведзенага расійскім фондам "Грамадскае меркаванне". Амаль палова ад апытаных расіян перакананыя, што ў Расіі ёсць краіны-ворагі. Месцы ў першай пяцёрцы размеркаваліся наступным чынам: ЗША — 26%, Кітай — 13, Грузія — 5, Японія — 3, Беларусь і краіны бліжняга замежжа дзеляць 5-е месца — у іх па 2%. Нават краіны НАТА і Чачэнія маюць па 1%. Раней Беларусі ў падобных спісах не было.

Беларускі палітолаг Юрый Шаўцоў лічыць вынікі апытання наступствам інфармацыйных войнаў, якія Расія негалосна абвясціла Беларусі:

“Расія ўжо не тая краіна, якой яна была ў 90-я, калі была вялікая маса пратэстных настрояў у правінцыі і Беларусь была свайго роду флагманам, сцягам настрояў. Зараз Расія досыць стабільная краіна і гэта ў тым ліку азначае, што значная частка насельніцтва адносіцца лаяльна да той прапаганды, якая вядзецца праз СМІ. І таму гэта зусім натуральна”.

“Гэта вынік добрага асвятлення расійскімі СМІ эканамічнага крызісу, які адбываецца ў Беларусі, і тых разгонаў дэманстрацыяў маўклівага пратэсту, якія таксама даволі добра паказваюцца расійскімі тэлеканаламі, — падтрымлівае меркаванне калегі расійскі эксперт Кірыл Коктыш. — Бо некаторыя дзеянні беларускай улады, так ці інакш, успрымаюцца расіянамі як нешта па-за межамі разумнага і патрэбнага. Таму расіяне пачынаюць палохацца яшчэ адной аўтарытарнай дзяржавы на сваіх межах”.

Сп. Коктыш заўважае, што калі была першая газавая вайна паміж Мінскам і Масквой, расійская грамадская думка была адназначна на баку Беларусі. Бо, калі наракалі, што беларусы крадуць нафту ці газ, то казалі: “а мо ім трэба, гэта браты, не чапайце іх”. Але гэтыя ўстаноўкі з той пары змяніліся і крытычнай аказалася адмова Беларусі прызнаць Паўднёвую Асецію і Абхазію, бо гэта была ўспрынята расійскай грамадскай думкай як здрада. Юрый Шаўцоў звяртае ўвагу, што 2% — гэта вельмі нязначная лічба, якую можна спісаць нават на статыстычную хібу. І заўважае, што з часам стаўленне расіянаў да беларусаў, хутчэй за ўсё, будзе толькі пагаршацца.

Юрый Шаўцоў: “Адмоўнае стаўленне да Беларусі ўжо з’яўляецца адной з рысаў перадвыбарчай кампаніі Мядзведзева. Хутчэй за ўсё ён будзе павялічваць крытыку Беларусі і ягоныя прыхільнікі будуць, адпаведна, ставіцца да нас дрэнна”.

Кірыл Коктыш мяркуе, што культывацыя негатыўных настрояў у дачыненні да беларусаў — гэта частка больш агульнага трэнда, які прадугледжвае пэўную ізаляцыю Расіі ад суседзяў.

Кірыл Коктыш: “Бо расійская грамадства таксама як і беларускае грамадства моцна параненае, моцна траўмаванае грамадства і зараз Расіі трэба прайсці вельмі складаны перыяд. А суседзі будуць успрымацца як то праблема ці не праблема, але як не вельмі актуальная праблема. Беларусь будзе ацэньвацца з пункту гледжання колькі яна будзе каштаваць для Расіі, ці будзе плаціць за гэта расіянін ці не, але ўздымацца над паўдзенасццю і імкнуцц фармаваць адносіны доўгатэрміновыя да Беларсі, мне здаецца, не будзе здольная не расійская ўлада не расйіскае грамадства”.

На думку Юрыя Шаўцова, беларусы непазбежна адкажуць на крытыку з боку жыхароў “братняй Русі” узаемнай непрыязнасцю:

Юрый Шаўцоў: “У нас ёсць, акрамя інфармацыйных войнаў, якія уплываюць на значную частку прыхільнікаў Лукашэнкі, яшчэ і апазіцыя, якая з’яўляецца ў значнай меры нацыяналістычнай. А для людзей нацыяналістычна накіраваных Расія калі не вораг, дык непрыхільнік у кожным разе”.

А вось Кірыл Коктыш лічыць, што сацыялагічнае жангляванне такімі мізэрнымі лічбамі, як 2-3%, не з’яўляецца падставай для грунтоўных высноваў. “Трэба пачакаць іншых апытанняў і развіцця падзеяў”, — сцвярджае эксперт.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі