Аляксандр Фядута "рыхтуецца зімаваць у замку"
З Аляксандрам Фядутам зноў пачалі праводзіцца следчыя дзеянні. Пра гэта ён піша ў лістах на волю. Раней была інфармацыя, што следчыя дзеянні не праводзіліся не менш за тры месяцы.
Палітолаг і літаратуразнаўца знаходзіцца за кратамі з красавіка 2021 года. Ён абвінавачваецца ў "змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам".
Як піша ў Facebook жонка Фядуты Марына Шыбко, ён "рыхтуецца зімаваць у замку". З новымі сукамернікамі абмяркоўвае не толькі кнігі і беларускае кіно, але і тэатр (перадае прывітанне купалаўцам). Пушкініст чытае ім лекцыі — адна з іх была пра Мураўёва-вешальніка. А яшчэ яны разам спяваюць песні Уладзіміра Высоцкага.
Аляксандр Фядута ведае пра смерць паэта Алеся Разанава і называе яе "вялікім горам, якое спасцігла беларускую літаратуру".
Аляксандра Фядуту затрымалі ў Маскве разам з адвакатам беларускага паходжання з ЗША Юрыем Зянковічам. У Беларусі па той жа справе былі затрыманыя лідар Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і былая супрацоўніца мінскай кампаніі Зянковіча Вольга Галубовіч. Аляксандр Лукашэнка заявіў аб "раскрыцці дзяржаўнага перавароту" і рыхтаванага замаху на яго і яго дзяцей. З фільмаў, паказаных на дзяржаўным тэлебачанні, вынікае, што за "змоўшчыкамі" працяглы час сачылі спецслужбы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.