Палітзняволеную Таццяну Батуру не вызвалілі пасля 45 сутак арышту
Таццяну Батуру, затрыманую пры спробе трапіць на суд Вольгі Залатар, не выпусцілі пасля 45 сутак арышту, паведамляюць праваабаронцы.
Дзяўчыну затрымалі 15 лістапада і ўжо тройчы асуджалі на 15 сутак. Сёння блізкія чакалі яе дзве гадзіны, але так і не дачакаліся. Маці Таццяны пасля неаднаразовых зваротаў супрацоўнікі Акрэсціна заявілі, быццам яе вызвалілі. Апошнім часам такое "вызваленне" азначае, што на выхадзе яе перахапілі супрацоўнікі Фрунзенскага РУУСа і адвезлі на "прафілактычную гутарку".
У Фрунзенскім РУУСе блізкім сказалі, што на Таццяну склалі чацвёрты пратакол, але паводле якога артыкула — невядома. Мяркуеца, што заўтра яе будуць судзіць.
Дарэчы, на першым судзе Батура заявіла, што ў Фрунзенскім РУУС яе ўдарылі галавой аб шафу, у бальніцы ёй дыягнаставалі ўдар галавы. Каля месяца дзяўчыну трымалі ў карцары, таму яна пяць дзён трымала галадоўку.
Сёння Таццяну прызналі палітзняволенай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.