Палохаюць затрыманнямі: беларусам не даюць збірацца каля амбасады РБ у Маскве

Адна з акцый каля беларускай амбасады / Sputnik
Адна з акцый каля беларускай амбасады / Sputnik

Маскоўская паліцыя стала разганяць і затрымліваць беларусаў, якія са жніўня 2020 года збіраюцца на акцыі пратэсту каля амбасады РБ. "Раней нас асабліва ніхто не чапаў, некаторыя змены нават з разуменнем ставіліся, на кантакт ішлі, адганялі ад нас правакатараў", — расказвае Еўрарадыё беларуска Ірына.

8 лютага да беларусаў, якія мітынгавалі каля амбасады, падышла паліцыя і ўпершыню забараніла ім збірацца. Па словах Ірыны, да гэтага часу ніхто з паліцэйскіх не змог ім растлумачыць чаму:

— Нас проста разганяюць. Спрабавалі адзіночныя пікеты — бескарысна. Днямі збіраліся групай з боку храма без усялякай атрыбутыкі і лозунгаў, проста размаўлялі. Спачатку падышла адна "партыя" паліцэйскіх, спыталі, што хлопцы і дзяўчаты робяць тут. Яны адказалі, што чакаюць сяброў і збіраюцца ў кавярню.

У выніку прыгналі паліцэйскія машыны і аўтазак, праверылі выбарачна дакументы. Тым, у каго быў пашпарт РФ, нічога не сказалі. А аднаго актывіста з беларускім пашпартам павезлі ў АУС Басманнае. Але прад'явіць яму нічога не змаглі, адпусцілі. Прыгразілі, што надалей будуць забіраць тых, хто проста так стаіць каля амбасады.

У Расіі законам дазволена праводзіць адзіночныя пікеты. Але на вуліцы Марасейка, дзе знаходзіцца беларуская амбасада, мабыць, дзейнічаюць іншыя правілы. 11 лютага на адзіночны пікет з бел-чырвона-белым плакатам "Беларусь: закон, народ, свобода" выйшла грамадзянка Расіі Святлана. Праз пару хвілін да яе падышлі чатыры паліцэйскія, праверылі дакументы і паведамілі, што "на цяперашні момант тут нельга знаходзіцца".

–– Сказалі, што мяне затрымаюць. Хоць я жыву ў Расіі 20 гадоў, маю расійскае грамадзянства і права стаяць у адзіночным пікеце з добрым мірным плакатам, — кажа Святлана.

Пугают задержаниями: белорусам не дают собираться возле посольства РБ в Москве
Адзіночны пікет Святланы / rusnews

Тым часам у праўладных расійскіх тэлеграм-каналах сталі з'яўляцца паведамленні пра "чыстую амбасаду Беларусі" і "адсутнасць прыхільнікаў майдана".

"А каля амбасады Беларусі ў Маскве — цішыня, майдаўнаў не выяўлена!

Сёння, у сераду 10 лютага 2021 г., актывісты здзейснілі "Вячэрні Дазор" да амбасады Рэспублікі Беларусь у Маскве на прадмет знаходжання там прыхільнікаў майдану.

Нікога не выявілі! Амбасада Беларусі — чыстая! Мы абаранілі яго!" — такога тыпу паведамленні транслююць некаторыя тэлеграм-каналы.

Беларусы мяркуюць, што такая павышаная ўвага да іх акцый звязана з ўнутрыпалітычнымі хваляваннямі ў Расіі — акцыямі ў падтрымку апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага. Пры гэтым яны не плануюць пераставаць збірацца і выказваць сваю пазіцыю наконт падзей у Беларусі.

— Мы былі гатовыя да таго, што рана ці позна нам забароняць стаяць каля амбасады. Але мы не здаёмся. Спрабуем збірацца практычна кожны дзень, хто як можа. Учора трое хлопцаў падышлі да амбасады і спрабавалі пастаяць без усялякай сімволікі і не прыцягваючы ўвагі. Але там цяпер дзяжураць паліцэйскія, — дадае нашая суразмоўніца.

Пугают задержаниями: белорусам не дают собираться возле посольства РБ в Москве
Паліцэйскі патруль каля амбасады / Еўрарадыё

Па словах Ірыны, звычайна да амбасады прыходзяць беларусы, якія жывуць і працуюць у Маскве:

— Таксама часцяком прыходзяць неабыякавыя масквічы. Нават тыя, якія ні разу не былі ў Беларусі, але вельмі хочуць нас падтрымаць. Але такіх адзінкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі