Палякі збіраюць 100-тысячны мітынг рабочых
Прафсаюзы збіраюцца пратэставаць супраць павышэння пенсійнага ўзросту да 67 гадоў і дабівацца павелічэння даплат за перапрацоўку.
У чэрвені кіраўнік вядомага польскага прафсаюза “Салідарнасць” Пётр Дуда распавёў аб намерах правесці ў верасні генеральны страйк. Як аказалася, яго абяцанні не былі пустым словам — 11-14 верасня ў Варшаве сапраўды адбудзецца 17 дэманстрацый, на якія з’едуцца актывісты з усёй краіны. Кульмінацыяй стане марш у суботу.
“Арганізатары чакаюць, што ў сабраных імі дэманстрацыях 14 верасня возьмуць удзел да 100 тысяч чалавек”, — адзначаюць у варшаўскім муніцыпалітэце.
Варта звярнуць увагу на патрабаванні, якія прад’яўляюць прафсаюзы. А гэта правядзенне рэальнага, а не штучнага сацыяльнага дыялога, адмена змяненняў у Працоўным кодэксе (паводле якіх працаўнікі будуць атрымоўваць менш за перапрацоўкі), прыняцце закона аб павышэнні мінімальнага заробку. А таксама яны хочуць, каб урад адмовіўся ад ужо ўведзенага павышэння пенсійнага ўзросту да 67 гадоў.
Тым часам мэр Варшавы Ганна Гранкевіч-Вальц напісала зварот да прафсаюзных актывістаў. Яна называе абуральным правядзенне двух маршаў (11 і 14 верасня). Кіраўнік горада прапануе адмовіцца ад аднаго, каб “не браць варшавян у закладнікі”.
Ганна Гранкевіч-Вальц: “Абсалютная большасць грамадскіх акцый адбываецца ў сталіцы. Тут штогод ладзіцца каля 700 пратэстаў. У памяці варшавян увесь час застаюцца падпаленыя шыны і кавалкі тратуара і брук, які выкарыстоўваецца ў якасці зброі супраць супрацоўнікаў праваахоўных органаў”.
Спадзявацца, што да мэра Варшавы прыслухаюцца, крыху наіўна, што пацвярджае і апытанне на партале mmwarszawa.pl: "ці могуць увогуле пратэсты быць хоць у нейкай ступені эфектыўнымі, калі яны не будуць нікому перашкаджаць?"
Цікава, што яшчэ нядаўна прафсаюзы маглі разлічваць і на палітычную падтрымку ў выглядзе апазіцыйнай правай партыі “Права і Справядлівасць” (PiS). Але на пачатку верасня яе лідар Яраслаў Качыньскі забараніў партыйцам удзельнічаць у акцыях, бо туды нібыта запрасілі і “Саюз дэмакратычных левых сіл” (SLD). Яраслаў Качыньскі нават разаслаў сваім паплечнікам адмысловыя SMS:
“Паважаныя члены PiS, у сувязі з запланаванай забастоўкай прафсаюзаў 14 верасня і абвешчаным ўдзелам у ёй палітыкаў SLD, палітычны камітэт партыі не выказвае згоды на ўдзел у маніфестацыі членаў PiS і ўжыванне сімвалаў і знакаў PiS”.
Сапраўды, Яраслаў Качыньскі можа сабе дазволіць праігнараваць буйную грамадскую падзею. Калі б у Польшчы прама цяпер адбыліся выбары, то яго партыя PiS іх выйграла б, бо, паводле апошніх апытанняў, яе падтрымліваюць 34% палякаў. А вось прэм’еру Дональду Туску, які, як прадстаўнік улады, мусіць адказваць на прэтэнзіі прафсаюзаў, варта было б задумацца. За яго партыю “Грамадзянская платформа” гатовыя прагаласаваць 21% апытаных.
Фота: codziennypoznan.pl