Памерла найстарэйшая расійская праваабаронца Людміла Аляксеева
8 снежня памерла найстарэйшая расійская праваабаронца Людміла Аляксеева, перадае ТАСС. Ёй было 92 гады. Аляксеева ўвайшла ў гісторыю праваабарончага руху як савецкая дысідэнтка, удзельніца і распаўсюдніца самвыдату, а таксама адна з заснавальніц Маскоўскай Хельсінкскай групы.
Людміла Аляксеева з канца 1970-х да пачатку 1990-х гадоў жыла ў эміграцыі, куды выехала з СССР пад пагрозай арышту. Затым яна вярнулася ў Расію і працягнула там праваабарончую дзейнасць. Ачольвала Маскоўскую Хельсінкскую групу, а ў 1998-2004 гадах была прэзідэнтам Міжнароднай Хельсінкскай федэрацыі.
У 2009 годзе ўдзельнічала ў вулічных пратэстах у Маскве ў абарону канстытуцыйнага права на свабоду сходаў. Была чальцом Савета пры прэзідэнце Расіі па развіцці грамадзянскай супольнасці і правах чалавека, але ў 2012 годзе выйшла з яго.
2014 годзе падпісала заяву з патрабаваннем “спыніць агрэсіўную авантуру: вывесці з тэрыторыі Украіны расійскія войскі і спыніць прапагандысцкую, матэрыяльную і ваенную падтрымку сепаратыстам на Паўднёвым Усходзе Украіны”.
За пяць дзён да смерці была ўключаная ў Савет пры прэзідэнце Расійскай Федэрацыі па развіцці грамадзянскай супольнасці і правах чалавека.