Памежнікі адкрыюць для турыстаў вёску Мілінкевіча і Белавежскую пушчу

У Беларусі плануецца паменшыць памежную зону. Гэта праз тое, што залішняе “зарэжымліванне” замінае развіццю турыстычнай галіны. Пра намеры памежнікаў "Еўрапейскаму радыё" распавёў Юрый Казачэнка, які часова выконвае абавязкі прэс-сакратара Дзяржаўнага камітэта памежных войскаў Беларусі:

Юрый Казачэнка: “Якія аб’екты будуць па-за памежнай зонай і з якога тэрміну, ніхто вам пакуль што не скажа. Звужэнне памежнай зоны да ўзроўню сельскага савета – гэта планы”.

У рэжымную зону сапраўды трапляе шмат прыродных, гістарычных і культурных аб’ектаў. Напрыклад, у Мёрскім раёне Віцебскай вобласці – касцёл Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, у Геранёнах, што на Гродзеншчыне, – палац Радзівілаў.

Летась памежнікі выключылі з рэжымнай зоны 13 вёсачак і адну сядзібу ў раёне Аўгустоўскага канала. Аднак тая яго частка, што ўпіраецца ў польскую мяжу, пакуль што па-ранейшаму закрытая для турыстаў.

У Брэсцкай вобласці ў памежную зону трапляе толькі адна славутасць. Але вялікая. Распавядае Алена Дабрыніна, адмысловец па прадажах турагенцтва “Брест Интурист”

Алена Дабрыніна: “Белавежская пушча ў нас такі помнік прыроды, дзе ўезд з пашпартамі ідзе. Гэта лічыцца памежная зона. Уезд па пашпартах і для расейцаў, і для замежнікаў”.

Адміністрацыя Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці рэгулярна накіроўвае памежнікам прапановы па выключэнні з памежнай зоны аб’ектаў, прывабных для турыстаў. Па словах намесніцы старшыні Браслаўскага райвыканкаму Ніны Пучынскай, прэцэдэнты, калі памежнікі ішлі насустрач турыстам, ужо здараліся. Напрыклад, з рэжымнай зоны выключаная гара Маяк.
 
Праўда, па словах Ніны Антонаўны, памяншэнню памежнай зоны будуць радыя не ўсе.
 
Ніна Пучынская:Пытанне ў тым, што там таксама жывуць людзі. Яны карыстаюцца правам на спрошчанае перасячэнне мяжы. З аднаго боку, для турыстаў гэта добра, што памежнікі праяўляюць ініцыятыву. Але вось мясцовыя жыхары згубяць права спрошчанага пераходу”.
 
Тым не менш, Ніна Пучынская станоўча ацэньвае ініцыятыву, якую агучыў галоўны памежнік краіны. Яна мяркуе, што скарачэнне рэжымнай зоны паспрыяе развіццю найперш уязнога турызму на Браслаўшчыне, якая мае 176 кіламетраў мяжы.
 
Планы памежнікаў узрадавалі таксама Аляксандра Мілінкевіча. Яго сын зараз распачынае невялічкі турыстычны бізнэс у вёсцы Бершты, дзе прайшло дзяцінства палітыка.
 
Аляксандр Мілінкевіч:Гэта цудоўнае месца, велізарнае возера недалёка ад мяжы з Літвою, рэчка і старадаўняя пушча. Сын паехаў туды і купіў там два дамы – старыя, яшчэ даваенныя. Ён жыве ў маім доме, а сам аднаўляе домікі для турыстаў. Адзін ужо амаль гатовы”.
 
У планах Мілінкевічаў адрадзіць вёску: зрабіць з яе нешта накшталт Дудутак.
 
Аляксандр Мілінкевіч:Мы спрабуем пачаць аднаўленне рамёстваў: кавальства, ткацтва, вышывання… Сёння там толькі пчаляры засталіся”.
 
Бершты месцяцца прыкладна ў 10 кіламетрах ад беларускай мяжы – якраз у той самай рэжымнай зоне, якую збіраюцца паменшыць памежнікі. Каб патрапіць туды, трэба браць дазвол у мясцовым сельскім савеце. Толькі такім чынам можна легальна наведаць населеныя пункты беларускага памежжа.
 
Тое, што на гэта патрэбна некалькі дзён, на думку Аляксандра Мілінкевіча, не страшна. Але сам факт таго, што трэба ісці па нейкую паперчыну, а пасля яшчэ чакаць яе, можа адбіць жаданне патэнцыйных турыстаў ехаць у Бершты. Ці ў патаемныя куточкі Аўгустоўскага канала.
 
На фота: Касцёл Св. Мікалая ў вёсцы Геранёны.
Фота:
http://pawet.net/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі