Памочнік Пуціна ехаў у Мінску ў адной машыне з кіраўнікамі "ДНР" і "ЛНР"
Перамовы ў Палацы Незалежнасці ў Мінску па сітуацыі на Данбасе працягваюцца больш за 13 гадзінаў.
11-12 лютага ў Мінску ў Палацы Незалежнасці праходзіць сустрэча ў "нармандскім фармаце", прысвечаная сітуацыі на Данбасе. У ёй удзельнічаюць канцлер Нямеччыны Ангела Меркель, прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд, прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка і расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін.
Памочнік прэзідэнта Расіі Уладзіслаў Суркоў, а таксама лідары самаабвешчаных "ДНР" і "ЛНР" Аляксандр Захарчанка і Ігар Платніцкі прыбылі на месца правядзення перамоваў кантактнай групы па Украіне ў Мінску, перадае РІА "Навіны".
Суркоў, лідары "ДНР" і "ЛНР" выйшлі з аднаго аўтамабіля і прайшлі ў будынак, у якім засядаюць прадстаўнікі кантактнай групы.
Раней паведамлялася, што выніковы дакумент мінскага саміта, які падпішуць лідары Нямеччыны, Францыі, Украіны і Расіі, перададуць трохбаковай кантактнай групе (Украіна — Расія — АБСЕ). Апошняя, нагадаем, два дні, як засядае ў Мінску. У яе ўваходзяць і прадстаўнікі самаабвешчаных "ЛНР" і "ДНР".
Онлайн з саміта ў "нармандскім фармаце" ў Палацы Незалежнасці ў Мінску