Памёр менеджар з Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі. Калегі кажуць, у яго быў COVID
Барыс Белкін / director.by
16 чэрвеня памёр Барыс Белкін — гендырэктар РУП "БелЭЗ", якое ўваходзіць у структуру Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Беларусі. Яму было 67 гадоў.
Смерць Белкіна Еўрарадыё пацвердзілі ў адміністрацыі РУП "БелЭЗ". Цяпер яго абавязкі выконвае Алег Селядцоў, галоўны інжынер прадпрыемства.
З іншых крыніц у РУП "БелЭЗ" Еўрарадыё стала вядома, што ў Барыса Белкіна быў пацверджаны COVID-19. Менеджар трапіў у бальніцу 1 чэрвеня, лячыўся ў медцэнтры Кіраўніцтва справамі прэзідэнта (так званая Лечкамісія), але выратаваць яго не змаглі.
18 чэрвеня Белкіна пахавалі ў закрытай труне.
РУП "БелЭЗ" уваходзіць у структуру Кіраўніцтва справамі Аляксандра Лукашэнкі. Прадпрыемства займаецца тэхнічным абслугоўваннем і эксплуатацыяй будынкаў, якімі распараджаецца Кіраўніцтва справамі, — напрыклад, Палаца Незалежнасці і Адміністрацыі прэзідэнта на Карла Маркса, 38. БелЭЗ абслугоўвае і менш прыкметныя будынкі, якія Кіраўніцтва справамі прэзідэнта здае ў арэнду.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.