Памёр мужчына, які атрымаў траўмы падчас канфлікту з ахоўнікам крамы
27-гадовага мінчука Івана Губара пахавалі ў суботу. У яго засталіся жонка і 7-месячная дачка.
Нагадаем, малады мужчына атрымаў цяжкія траўмы 30 чэрвеня падчас канфлікта з ахоўнікам сталічнай крамы "Валгаград". Ён памёр 8 жніўня ў лякарні не прыходзячы ў прытомнасць.
Партал tut.by нагадвае, што ў адносінах ахоўніка крамы была распачатая крымінальная справа. Следчы камітэт прызначыў шэраг судова-медычных і крыміналістычных экспертызаў, каб разабрацца ў заблытанай справе.
Днямі адбыўся канфлікт з-за шакаладкі паміж пакупнікамі і аховай у гомельскім "Еўраопце". Відэа здарэння трапіла ў інтэрнэт. У кампаніі "Еўрагандаль" было праведзенае ўнутранае расследаванне, прагледжаныя відэазапісы. Высветлілася, што пакупнікі былі ў стане алкагольнага ап'янення, паводзілі сябе агрэсіўна, мацюкаліся і справакавалі сутычку з аховай. Тым не менш, у кампаніі лічаць, што ахоўнікі паводзілі сябе недапушчальна, парушылі інструкцыю і "нормы прафесійнай этыкі". Таму і было прынятае рашэнне пра іх звальненне.
Фота з сацыяльных сетак