Памёр вядомы беларускі шахматыст Віктар Купрэйчык
Памёр вядомы беларускі шахматыст, міжнародны грасмайстар Віктар Купрэйчык. 3 ліпеня яму споўнілася б 68 гадоў. Апошнім часам Купрэйчык хварэў. Калі ездзіў на міжнародныя турніры, то яму даводзілася звяртацца па дапамогу ў мясцовыя медыцынскія ўстановы, піша газета “Народная воля”.
“Шахматы — неад’емная частка майго жыцця. Калі гуляю — значыць, жыву”, — гаварыў шахматыст.
Вядомая гісторыя, калі ў 1997 годзе Купрэйчык быў адзіным чальцом Нацыянальнага Алімпійскага камітэта, які прагаласаваў супраць прызначэння Аляксандра Лукашэнкі прэзідэнтам гэтай арганізацыі. “Я галасаваў не супраць Лукашэнкі, а супраць таго, што законы не павінны парушацца. Бо ў Алімпійскай хартыі сказана, што гэтую пасаду не могуць займаць людзі, якія знаходзяцца на афіцыйных дзяржаўных пасадах”, — так патлумачыў Віктар Купрэйчык сваю пазіцыю.