Пан Жыжма "Хто тут?"

Музыкі дзеляцца на дзве катэгорыі: першыя займаюцца музыкай і спрабуюць за яе кошт жыць. Другія звяртаюцца да музыкі ў вольны ад астатняга жыцця час. Музыка для іх – хобі. Для гэтай катэгорыі цалкам магчымы варыянт працы над адной пласцінкай дзесяцігоддзямі.

lala.mp3

Добра вядомы прыхільнікам IQ48 Фрэйд ці Павел Зыгмантовіч пасля сыходу з каманды “здаровых ласёў”, а гэта было гадоў сто таму, заявіў пра свой новы праект “Пан Жыжма”. А дэбютны альбом праекта пад назвай “Хто тут?” з’явіўся толькі цяпер.

rk.mp3

“Хто тут?” – тыповая беларуская пласцінка. Падаецца, што на ёй – усе пошукі, эксперыменты, знаходкі, золата, дыяменты і падводныя камяні, на якія толькі здатны музыка. Знаходак, уласна, дзве: лубочны рэп і смелая пазыка музычнага матэрыялу ў небезвядомых беларусаў – ад “Палаца” да Алеся Камоцкага. Няблага і недзе міла гучаць сумна-лірычныя “Лялечка”, “Журавы”, “Ружа-кветка”, “У лузе”, але і недарэчнасцяў хапае.

u luze.mp3

Галоўнае, спяваць Фрэйду ЗАБАРОНЕНА! Мову варта падвучыць, паўтарыць правілы і больш сур’ёзна падыходзіць да граматыкі – непрымальна беларусу, які займаецца беларускамоўнай творчасцю, рабіць моўныя памылкі ў песнях! Далей. Варта выпрацоўваць пэўную канцэпцыю: ну не суседнічаюць шчымлівыя песні з сэнсам з той жа “Паца-вацай”. Таму ўзнікае ўражанне, што ў альбом паважаны Фрэйд усунуў усё, што прыдумаў за апошнія восем гадоў.

paca.mp3

Чытанка Зыгмантовіча не змянілася з часоў пачатку IQ48, у тэкстах па-ранейшаму гаспадараць абібокі. І калі былыя калегі Фрэйда пайшлі наперад і заваёўваюць вяршыні хард-року, то сам рэпер застаўся на тым жа ўзроўні. А шкада, бо менавіта Фрэйд быў адным з ідэолагаў заўсёды маладых і перспектыўных “здаровых ласёў”.

zhurawy.mp3

Нельга сказаць, што ў альбоме “Хто тут?” усё безнадзейна, але і надзеі на лепшае няма. Падаецца, правільна было б выкінуць ў Сеціва асобныя сінглы, а спрэчныя песні пакінуць у паліцы. Для нашчадкаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі