Панаехалі тут! — За дзень да "Рок-каранацыі" ў "Рэактары" гралі "Наеховичи"

"Наеховичи" пахваліліся, што пад Баранавічамі ім паказаў дарогу сам Лукашэнка, і запалілі танцпол балканска-цыганскім прачытаннем габрэйскай народный творчасці У Мінск, за рысу аселасці прыехаў расійскі клезмер-гараж-бэнд "Наеховичи". Клезмеры з Санкт-Пецербурга знайшлі дарогу ў Беларусь гадоў пяць-сем таму: лідэр гурта Іван Жук вельмі сябраваў з Лёнем Паўлёнкам з групы "Нагуаль". А цяпер во са сваім бэндам ездзіць.



"Наеховичи" прыехалі ў Мінск па запрашэнні габрэйскай моладзевай суполкі "Гілель" і беларускага прадстаўніцтва камітэта "Joint". Канцэрт прайшоў амаль без рэкламы, таму выпадковых людзей у залі было няшмат. Паслухаць "сваіх" прыйшлі "свае".



Дзмітрый Храмцоў: "Наш сябра, трубач Фрэнк Лондан, аднойчы сказаў пра сабе: "Я — прафесійны габрэй. Граю на трубе ў габрэйскім бэндзе, значыць — professional jew". Асабіста я яшчэ граю ў піцерскім гурце "Добраночь", дык вось, у нас там ёсць араб. Ліванец. Але Фрэнк і пра яго кажа "Прафесійны габрэй". Так, мы прафесійныя габрэі, гэтым мы зарабляем грошы!"

Іван Жук: "Так, здараецца, што і грошы зарабляем!"

Іншы сябра "Наеховичей" (натуральна, у гурта шмат сяброў!) прыдумаў азначэнне для іх жанра: клезмер-гараж-бэнд. "Гараж" — гэта кажуць, калі не ўмеюць граюць", — іранічна ўдакладніў Іван Жук. Але трэба сказаць, што "Наеховичи" не толькі прафесійныя габрэі, але і прафесійныя музыкі. У іх песнях мелодыі Блізкага ўсходу спалучаюцца з балканскай рытмікай і цыганскім хуліганствам. Выбуховая сумесь!



Канцэрт быў падзелены на два аддзяленні. Першай песняй быў славуты "Taganrog", які "Наеховичи" спяваюць на ідыш. Адзін з герояў песні — прэзідэнт Лукашэнка, якога музыкі нібыта сустракаюць недзе пад Баранавічамі.



Калі ў першай частцы канцэрта пераважаў габрэйскі балканскі біт, дык ў другой знайшлося месца і габрэйскаму рэгі, і нават габрэйскаму рускаму шансону! Але ўсё змяняецца, калі Дзмітрый Храмцоў бярэ ў рукі скрыпачку. Усе біты-шміты адыходзяць на другі план, і ад музыкі пачынае веяць сапраўднай беларускай вёскай!



Ды яшчэ і габрэі навокал водзяць карагоды! Кажуць, што ў непасрэднай блізкасці ад танцпола ледзь не ў поўным складзе тусіла амбасада Ізраіля ў Беларусі. Спраўдзіць гэты факт у Еўрарадыё не атрымалася, але што праўда: некаторыя гледачы дэманстравалі стрыманасць, уласцівую прадстаўнівам дыпкорпуса, і з усёй моцы імкнуліся не выдаць таго, што ім весела.



Другое аддзяленне выйшла крыху больш сур'ёзным. Не настолькі сур'ёзным, як "Тумбалалайка", але і не такім вясёлым, як "Хава Нагіла". Увогуле, гурт Івана Жука вельмі пашырае ўяўленні гледачоў пра габрэйскія песні. І, як ні дзіўна, габрэйскі рок, заснаваны на міжземнаморскіх гармоніях 2000-гадовай даўніны, падаецца нашмат больш актуальным, чым беларускі, які настыпным вечарам гучаў у "Рэактары" падчас "Рок-каранацыі".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі