Папа Францішак абвясціў збор сродкаў для ахвяр канфлікту ва Украіне
Папа Францішак абвясціў збор сродкаў для ахвяраў канфлікту ва Украіне. Збор сродкаў пройдзе ў нядзелю, 24 красавіка, ва ўсіх каталіцкіх касцёлах Еўропы, паведамляе афіцыйны сайт Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі.
Свой заклік пантыфік абвясціў у прамове перад малітвай на плошчы святога Пятра ў Рыме ў нядзелю 3 красавіка.
"У гэты дзень, які з’яўляецца сэрцам Святога Года Міласэрнасці, мая думка накіроўваецца да ўсіх людзей, якія маюць прагу прымірэння і міру. Тут, у Еўропе, думаю, у прыватнасці, пра драму тых, якія пакутуюць ад наступстваў насілля ва Украіне: пра людзей, што засталіся на землях, спустошаных у выніку ваенных дзеянняў, якія ўжо сталі прычынай некалькіх тысяч смерцяў і тых больш за мільён, што былі вымушаны пакінуць гэтыя землі з-за цяжкай сітуацыі, якая надалей працягваецца. Яна закранае, перш за ўсё, пажылых людзей і дзяцей. Акрамя таго, што суправаджаю іх сваёю малітваю і думкаю, я вырашыў аказаць ім гуманітарную дапамогу. З гэтай мэтай ва ўсіх каталіцкіх касцёлах Еўропы будзе праходзіць 24 красавіка 2016 г. спецыяльны збор сродкаў. Заклікаю шчодра далучыцца да гэтай ініцыятывы", — абвясціў Папа Францішак.
Ён выказаў надзею, што гэты жэст дапаможа паспрыяць міру і павазе правоў на землях, закранутых выпрабаваннямі.