Папраўкі ў КК могуць быць прыняты на вясновай сесіі парламента — Мінюст

Акцыя пратэсту ў Мінску, верасень 2020-га года / з архіву Еўрарадыё
Акцыя пратэсту ў Мінску, верасень 2020-га года / з архіву Еўрарадыё

Праект новай рэдакцыі Крымінальнага кодэкса Беларусі перададзены на разгляд у Адміністрацыю прэзідэнта, паведаміла ў эфіры Беларускага тэлебачання намеснік міністра юстыцыі Наталля Філіпава. Паводле яе слоў, не выключана, што законапраект будзе прыняты ў двух чытаннях ўжо на вясновай сесіі Палаты прадстаўнікоў.

"Першая сесія, якая будзе бліжэйшая, —  гэта красавік. У дадзеным выпадку, калі пройдзе два чытанні, то, магчыма, і ў двух чытаннях дакумент будзе прыняты", —  сказала яна.

Частка працы над папраўкамі ў КК узяла на сябе Адміністрацыя Прэзідэнта, распавяла намеснік кіраўніка ведамства Вольгі Чупрыс. Юрысты адміністрацыі ўключыліся ў гэтую працу, "каб да сесіі кодэксы (Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны. —  Еўрарадыё) прадставіць на разгляд і каб не было лішняй затрымкі".

Паводле ацэнкі намесніка міністра юстыцыі Наталлі Філіпавай, новая рэдакцыя не накіраваная на лібералізацыю альбо на ўзмацненне крымінальнай адказнасці. Карэктуецца каля 70 санкцый. Сярод іншага ў новай рэдакцыі КК, па яе словах, будуць закрануты "пытанні, звязаныя з дадатковай абаронай грамадскага парадку і бяспекі", "з'явіліся некалькі новых складаў, звязаных з парушэннем заканадаўства аб СМІ".

Раней ужо паведамлялася, што папраўкі ў КК мяркуюць сярод іншага ўвядзенне крымінальнай адказнасці за "неаднаразовае парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў". Генеральны пракурор Андрэй Швед таксама анансаваў узмацненне адказнасці за экстрэмісцкую дзейнасць. Па яго словах, крымінальнай адказнасці будуць падлягаць у тым ліку асобы, "якія садзейнічаюць экстрэмісцкай дзейнасці" — напрыклад, распаўсюджвалі "экстрэмісцкія погляды і сімволіку". Экстрэмісцкай сімволікай, нагадаем, у Беларусі могуць прызнаць і БЧБ-флаг.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі