Paprika Korps: “У Польшчы столькі музыкаў, што гэта больш не каштоўна”
Чаму польскія калегі пакутуюць ад свабоды і перанасычэння музычнага рынку? Слухайце ў інтэрв’ю Еўрарадыё з рок-рэгі гуртом Paprika Korps.
Размову з польскімі музыкамі Paprika Korps (з усімі шасцярымі) мы пачынаем адразу з палітыкі. Неяк само атрымалася. Заскокваем пасля канцэрту ў “Клеверы” ў мінібус, і па дарозе ў апартаменты хлопцы доўга выпытваюць, дзе тая кепская Беларусь, пра якую заўсёды кажуць у польскіх медыя? Бо з пазіцыі “прыехаў—даў канцэрт—пераначаваў—з’ехаў” нічога не заўважна, маўляў, “тое самае, што і ў Польшчы, часамі нават лепш”. Тое-сёе мы ім расказваем. Адзінае, што “чапляе” нашых суразмоўцаў, гэта немагчымасць проста сесці у цягнік і паехаць, напрыклад, у Францыю. Да гэтых бонусаў Еўрасаюзу хлопцы ўжо прызвычаіліся як да безлімітнага інтэрнэту. Пасля пераключаемся на цяперашніх змагароў за еўрапейскую будучыню — Украіну, і калі атрымліваецца нарэшце ўключыць дыктафон, неяк само ўзнікае першае “афіцыйнае” пытанне:
Еўрарадыё: Хлопцы, а чаму вы так і не сыгралі на Майдане?
Paprika Korps: А паспрабуй спачатку разабрацца, што на тым Майдане насамрэч адбываецца! Калі мы сочым за падзеямі праз нашы медыя, то добра разумеем, што ўсёй праўды ніхто не гаворыць, інфармацыя заўсёды падганяецца пад патрэбы аўдыторыі і пад заказчыкаў. Вядома, нашы сэрцы разрываюцца ад жудасных карцінак, але што з таго, што гэта змяняе?
Я нават не ведаю, што б я параіў сваім украінскім сябрам, калі б яны ў мяне былі. Ці заставацца на Майдане і даваць адпор уладзе, ці, прабачце, “пасраць” і не мяшаць палітыку з уласным жыццём? Бо палітыка не церпіць людзей “з вуліцы”, і ніколі тыя, хто цяпер на Майдане — простыя пратэстоўцы — не будуць дапушчаныя да гэтай палітыкі. Імі проста скарыстаюцца для сваіх мэтаў розныя палітычныя сілы. Вы паглядзіце, што адбываецца на Майдане — пачынаюць выплываць канкрэтныя палітычныя фракцыі, які хочуць на вогнішчы рэвалюцыі спекчы свае піражкі! Я ўжо маўчу пра знаходжанне там зусім правых, нацыяналістаў.
І што атрымаюць ад гэтых палітычных гульняў простыя людзі, якія стаяць на марозе, якіх б’юць?
Еўрарадыё: То бок, вы лічыце, што ўсе тыя музыкі, якія выступаюць на Майдане — дурні, бо гэта ўсё роўна нічога не зменіць і іх выкарыстаюць ў мэтах вялікай палітыкі?
Paprika Korps: Не, мы не хочам сказаць, што яны дурні. Мы верым, што музыкі робяць гэта шчыра, але ў гэтым ёсць сэнс толькі да пэўнага моманту. Проста мне не падабаецца, што шчырыя памкненні выкарыстоўваюцца ў іншых мэтах палітычнымі фракцыямі.
Прыгадайце, зусім нядаўна была "Аранжавая рэвалюцыя", якая была не такой драматычнай, людзей не забівалі. Усе ў Польшчы махалі аранжавымі шалікамі, усе былі натхнёныя, што ўсё памяняецца, млыны гісторыі мелюць, “я пердоле”, супер! Але ўсё скончылася чым? Януковіч прыйшоў да ўлады недзе праз два гады паля гэтай суперрэвалюцыі? Я быў толькі раз ва Украіне, і на маю думку, там ад самых першых жыццёвых прынцыпаў трэба ўсё мяняць. А не проста ўладу.
Еўрарадыё: Слухайце, ну трэці раз спытаем, чаму вы не сыгралі на Майдане?
Paprika Korps: Ды проста нас туды ніхто не запрасіў!
Больш за тое, калі мы былі з канцэртам на Украіне, у нас скралі наш мікрааўтобус ва Львове, і мы не хочам больш туды ездзіць. Але не, жартуем. Проста ў нас няма сяброў там, хто б нас туды запрашаў. У Беларусі ёсць, а там няма. Бо так проста ехаць няма сэнсу. Калі б хтосьці з нашых добрых сяброў распавёў нам, што важна прыехаць, мы б прыехалі. А так, ехаць некуды, бо наглядзеўся тэлебачання — няма чаго і казаць.
Рэгі-музыка ў Польшчы, як і палітыка — вялікі хаос
Мяняем накірунак. Paprika Korps граюць якасную альтэрнатыўную музыку, асновай якой з’яўляецца рэгі, але ў еўрапейскай інтэрпрэтацыі атрымліваецца вельмі адрозны ад ямайскага саўнд.
Еўрарадыё: Ваша рэгі — зусім і не рэгі. Не на 100% чысты стыль. Што вы адтуль выкінулі?
Paprika Korps: Хм, і сапраўды цікава, што? Структура быццам бы тая самая, рытм, бас, перкусія. Проста шмат усяго дадалі да гэтага. Рэгі вельмі мінімалістычны стыль, шмат можна да яго дадаць, бо ёсць вольнае месца.
Еўрарадыё: І што дадалі да рэгі?
Paprika Korps: Шмат гітар. І “фігачылава”, то бок драм-секцыю. Часам гучыць больш агрэсіўна, чым павінна ў рэгі.
Еўрарадыё: Што прывабіла вас менавіта ў рэгі-музыцы?
Paprika Korps: У 90-х рэгі было ў Польшчы вельмі папулярнае і было падобнае на такі меладычны панк, асабліва па тэкстах. Таму, калі мы хацелі граць нешта меладычна-прыгожае, але, тым не менш, даносіць праз тэксты свае ідэалы — рэгі было лепшым сродкам.
Еўрарадыё: Як музычная рэгі-сцэна выглядае цяпер у Польшчы? У нас вельмі мала пра гэта інфармацыі. Напэўна, зусім няма.
Paprika Korps: Выглядае як і палітыка — вялікі хаос. Але ўвесь свет так выглядае. Вельмі шмат усялякай музыкі. Нават тую, якую не спадзяваўся б, што хто-небудзь можа зжэрці, жаруць.
Цяпер запіс і выдаванне музыкі стала вельмі даступным. Кожны можа сабе дазволіць запісаць альбом ці зладзіць канцэрт. І столькі гэтага ўсяго развялося, што для людзей гэта перастала быць каштоўным. Гэта не так, як калісьці, калі мы пачыналі — усе ведалі тыя тры гурты, усе іх песні, усе альбомы.
Увогуле, у 90-х панк, пост-панк, рэгі і хіпі-супольнасці былі нечым адзіным. Адной вялікай камандай людзей, якія сустракаліся на канцэртах. Калі прывозілі якую зорку, на яе прыходзіла значна больш людзей, чым цяпер сабе можна ўявіць. Тады было ўсяго менш, менш гуртоў прыязджала з Захаду, сцэна не была так падзеленая, бо цяпер усе разышліся ў свае бакі, рэгі — у свой, панк — у свой. Цяпер мы маем больш за 50 гуртоў, якія граюць толькі рэгі, і гэта ўсё ўжо перастала мець такі вялікі сэнс.
Замест таго, каб працаваць у банку, мы стварылі фірму, якая выдае музыку
Еўрарадыё: Нават у сітуацыі музычнага хаосу вы яшчэ добра трымаецеся. Магчыма, вам дапамагае тое, што ў вас свой лэйбл Karrot Kommando?
Paprika Korps: Перш за ўсё, нам дапамагае тое, што мы проста робім добрую музыку: пішам песні, запісваем альбомы, граем канцэрты. Але так, маем і шмат сяброў, якія таксама робяць добрую музыку, і таму мы дапагаем ім, а яны нам. То бок, замест таго, каб працаваць у банку, мы стварылі фірму, якая выдае музыку. Ну так сабе прыдумалі, з таго і жывем.
Еўрарадыё: На пачатку вы канцэнтраваліся, напэўна, толькі на рэгі. А цяпер?
Paprika Korps: А цяпер выдаём таго, хто проста нам падабаецца. Няма такога, што толькі рэгі, панк-рок ці фламенка. Так, спачатку было толькі рэггі, бо самі гралі толькі рэгі, пазнаёміліся з такімі гуртамі як Vavamuffin, EastWest Rockers, але мы любілі заўсёды і іншыя рэчы. Пачалі выдаваць і фолк — Żywiołak, R.U.T.A. З апошнімі мы нават выдалі сумесны рэгі-фолк-альбом. Дарэчы, R.U.T.A. часта грае канцэрты з беларускай вакалісткай Настай Някрасавай. Таксама пачалі і рокавыя гурты выдаваць. Цяпер і электронная музыка нас цікавіць.
Еўрарадыё: Ці выгадна трымаць лэйбл у сучаснай Польшчы?
Paprika Korps: Ну, гэта не самы прыбытковы бізнэс. Але неяк трымаемся. І цяпер, канешне, усё значна складаней. У 90-х не было інтэрнэта, людзі не сцягвалі музыку, і добра было прадаць мільён альбомаў у краіне, дзе жыве 40 мільёнаў чалавек. А цяпер “залаты дыск” — гэта ўсяго праданых 15 тысяч копій. Шмат лэйблаў перастала існаваць з нагоды невялікіх продажаў.
З іншага боку, з'яўляюцца маленькія лэйблы, якія выдаюць музыку вельмі арыгінальную, спецыфічную. І іх праца вельмі цэніцца на Захадзе. Тое, напрыклад, што робіць Kuba Ziołek. Ён запісаў недзе 7 альбомаў у мінулым годзе з рознымі гуртамі: з Alameda Trio, Stara Rzeka — такія дзіўныя эмбіэнт-рэчы, гітарны хаўс.
Мы ведаем, што на Ямайцы зусім не крута
Еўрарадыё: У Беларусі няма ніводнага рэгі-оупэн-эйра. Як у вас з гэтым?
Paprika Korps: Даволі шмат, усяго наццать-некалькі, але самых вялікіх тры: Afryka, Płock і Najcieplejsze Miejsce Na Ziemi. А вось у суседняй Германіі іх увогуле 60 цягам года. Але там вельмі моцная ямайская супольнасць.
Еўрарадыё: Дарэчы, вельмі цікава было гэтым летам у Германіі на найбуйнешым рэгі-фестывалі Еўропы SummerJam, дзе на галоўнай сцэне не было ніводнага ямайскага хэдлайнера. Ямайцы былі, але гралі яны на меншай сцэне. У сэнсе, уся Еўропа скакала пад ужо новую генерацыю рэггі, made in Europe.
Paprika Korps: Рэгі — гэта ўжо міжнародная з’ява. Так, яна выскачыла ў свет з гэтага маленькага вострава, але цяпер рэгі можа не мець нават нічога агульнага з Ямайкай.
Еўрарадыё: А наколькі асабіста ў вас моцная сувязь з каранёвым рэгі? Ці былі вы калі-небудзь на Ямайцы?
Paprika Korps: Не, ніколі. Мы не хочам туды ехаць, таму што мы не ідэалізуем Ямайку. Мы ведаем, што там зусім не крута. Там шмат гвалту, расізму. Мы любім, вядома, вандраваць, але на Ямайку не цягне зусім. Столькі яшчэ цікавых месцаў, каб убачыць!
Беларусь, напрыклад.
Еўрарадыё: От вы любіце Беларусь. Пераехалі б жыць да нас?
Paprika Korps: Э, не, бо тады не зможам ездзіць у Францыю!