Папскі легат абмеркаваў у Мінску магчымасць візіту Папы ў Беларусь
Папскі легат абмеркаваў у Мінску магчымасць візіту Папы Рымскага Францішка ў Беларусь. Арцыбіскуп Вены кардынал Крыстаф Шонбарн 1 ліпеня сустракаўся з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем.
У інтэрв'ю сайту catholic.by Шонбарн распавёў пра сустрэчу з Макеем. Паводле яго слоў, гаворка ішла пра сёлетні візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Ватыкан і пра сустрэчу з Папам Францішкам. Таксама "абмяркоўвалі шанцы таго, ці магчымы быў бы візыт у адказ і якія перадумовы павінны для гэтага быць".
Як вядома, візіт Лукашэнкі ў Ватыкан адбыўся 21 траўня. Ён запрасіў Папу Рымскага наведаць Беларусь. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў правесці ў нашай краіне сустрэчу Папы Францішка і маскоўскага патрыярха Кірыла. Іх першая гістарычная сустрэча прайшла 12 лютага ў аэрапорце ў Гаване.
27 траўня міністр замежных спраў Уладзімір Макей заявіў, што Беларусь гатовая прыняць з візітам Папу Рымскага Францішка. Паводле яго слоў, прынцыповая гатоўнасць ёсць, але няма яшчэ кантрэтнага тэрміну.