Папулярызацыя беларускай мовы стане адным з напрамкаў дзяржаўнай палітыкі

Папулярызацыя беларускай мовы стане адным з напрамкаў дзяржаўнай палітыкі

Папулярызацыя беларускай мовы і пашырэнне яе выкарыстання стане адным з напрамкаў дзяржаўнай палітыкі Беларусі ў сферы культуры. Пра гэта сведчыць тэкст апошняй рэдакцыі праекту Кодэксу аб культуры, які будзе разглядацца ў Палаце прадстаўнікоў у другім чытанні. Праект дакумента 30 сакавіка прадстаўляюць журналістам першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга, начальнік юрыдычнага аддзелу Міністэрства культуры Алена Вештарт і намеснік старшыні Сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Наталля Кучынская.

“У якасці аднаго з напрамкаў дзяржаўнай палітыкі прадугледжваецца захаванне, развіццё і распаўсюджванне (папулярызацыя) беларускай мовы і стымуляванне выдання твораў мастацкай літаратуры, якія маюць значэнне для захавання, развіцця і распаўсюджвання (папулярызацыі) беларускай мовы”, — сказана ў агульнай частцы дакумента.

Пры гэтым беларускую мову (вусную і пісьмовую), а таксама яе дыялекты, графічныя сістэмы і арфаграфічныя традыцыі адносяць да нематэрыяльных духоўных каштоўнасцяў.

Праект Кодэксу аб культуры прайшоў першае чытанне ў Палаце прадстаўнікоў у пачатку студзеня. Мяркуецца, што гэта будзе адзіны ў свеце дакумент такой скіраванасці.

Сярод дыскусійных палажэнняў будучага кодэксу — статус творчага работніка, які можна будзе атрымаць, каб мець афіцыйнае пацверджанне сваёй занятасці. Раней паведамлялася, што такі статус зможа атрымаць толькі чалавек з профільнай адукацыяй, нягледзячы на яго творчыя дасягненні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі