Беларусам, украінцам і расіянам забаранілі ўваход у ваенны музей у Германіі

Музей у Кобленцы

Музей у Кобленцы / Bundeswehr

Музей у нямецкім Кобленцы забараніў грамадзянам 26 краін, уключаючы Беларусь, Украіну і Расію, доступ да ваенна-тэхнічнай вучэбнай калекцыі. Wehrtechnische Studiensammlung у Кобленцы — адзін з найбуйнейшых збораў вайсковай тэхнікі ў Германіі.

Інфармацыя пра абмежаванні з'явілася на сайце калекцыі, звярнула ўвагу DW. У паведамленні гаворыцца:

"У сувязі з патрабаваннямі ваеннай бяспекі грамадзянам дзяржаў, уключаных у спіс краін у адпаведнасці з §13 абз. 1 п. 17 Закона "Аб праверцы бяспекі", у цяперашні час забаронены доступ".

У пералік увайшлі Украіна, Расія, Беларусь, Грузія, Малдова, Арменія і яшчэ шэсць постсавецкіх дзяржаў (за выключэннем краін Балтыі). Таксама доступ забаронены для грамадзян Афганістана, Кітая, Ірака, Ірана, Паўночнай Карэі, Кубы, Сірыі.

Ваенна-тэхнічная вучэбная калекцыя ў Кобленцы не з'яўляецца звычайным музеем. Яна ўваходзіць у структуру Бундэсвера і прызначаецца найперш для падрыхтоўкі маладых інжынераў і спецыялістаў для Узброеных сіл Германіі, піша DW. Толькі ў другую чаргу калекцыя адкрыта для шырокай публікі.

Значная частка зброі ў калекцыі не была дэмілітарызаваная, таму ўся калекцыя лічыцца ахоўнай ваеннай зонай, кажа прадстаўнік Бундэсвера. Гэта азначае, што для наведвальнікаў дзейнічаюць асаблівыя правілы допуску.

Пытанне пра тое, чаму тая ці іншая краіна трапіла ў пералік, у Бундэсверы пераадрасавалі ў Міністэрства ўнутраных спраў — гэтым займаецца яно, а не ваенныя структуры.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.