Паралімпійскі чэмпіён — пра кепскі зрок, захапленне Домрачавай і музычнае хобі

Паралімпійскі чэмпіён — пра кепскі зрок, захапленне Домрачавай і музычнае хобі

Сёння паралімпіец Юрый Голуб стаў першым у біятлоннай гонцы на 12,5 кіламетра з чатырма агнявымі рубяжамі. А раней Юрый узяў срэбра у лыжнай гонцы на 20 кіламетраў і ў біятлоне на 7,5 кіламетра. 16 красавіка паралімпійскаму чэмпіёну споўніцца 22 гады.

Еўрарадыё: Юрый, пра вас яшчэ мала чаго вядома, таму пытанне банальнае: як вы прыйшлі ў спорт?

Юрый Голуб: Прыкладна гадоў у шэсць мяне бацька паставіў на лыжы. Хадзілі ў лес на прагулкі на лыжах, атрымлівалі асалоду ад прыроды. А калі вучыўся ва ўніверсітэце, гэта быў 2015 год, мяне выпадкова сустрэў трэнер Міхаіл Лебедзеў. Я катаўся на лыжаролернай трасе ў Вяснянцы, а ён за мной назіраў. Тады я ездзіў у акулярах, ён на гэта звярнуў увагу. І прапанаваў мне пачаць трэніравацца.

Еўрарадыё: Наколькі кепскі зрок псуе жыццё?

Юрый Голуб: Чытаць магу, але вельмі блізка, вочы стамляюцца. Максімум да дваццаці хвілін. Кепскі зрок у мяне з дзяцінства. Калі мне было 2-3 гады, бацькі заўважылі праблемы, набылі акуляры. Цяпер гэта частка мяне. Які мінус цяпер, сказаць не магу. Гэта кшталту ўрачэбнай тайны. Магу сказаць, што ў мяне не адна хвароба на зрок. Магчымасці цалкам вылечыцца няма, можна толькі крыху падкарэктаваць зрок. Ніякія грошы не дапамогуць.

Паралімпійскі чэмпіён — пра кепскі зрок, захапленне Домрачавай і музычнае хобі
Фота са старонкі Юрыя Голуба "Вконтакте"

Еўрарадыё: Вы нарадзіліся ў гарадскім пасёлку Глуск на Магілёўчшыне. Ці былі амбіцыі пераехаць у сталіцу?

Юрый Голуб: Так, я марыў пра гэта. Хварэў спортам, з дзяцінства марыў пра тое, каб выступаць за сваю краіну. Бачыце, мары здзяйсняюцца. Калі стаіш на першай прыступцы п’едэстала, падымаецца твой сцяг, гучыць твой гімн… гэта невымоўна! Шчыра скажу, нават сляза вырываецца. Заўсёды, калі чую гімн, спяваю.

Еўрарадыё: У вас ёсць куміры ў біятлоне і лыжных гонках?

Юрый Голуб: З Дар’яй Домрачавай мы перасякаліся на трэніроўках у Раўбічах, перакідваліся парай слоў. За яе я з дзяцінства балею. Шчыра скажу, што заўсёды вельмі хвалююся за яе. Калі яшчэ ў школе вучыўся, усе гонкі яе глядзеў. Нават уцякаў з урокаў, каб паглядзець.

Сяргей Далідовіч, зразумела, наш лепшы лыжнік краіны. Трэнер не аднойчы ставіў яго ў прыклад. Тым больш, я часта бачу яго на трэніроўках, гэта вялікі плюс і матывацыя.

Калі мы былі на Кубку Свету ў фінскім Куусама, я ўвогуле тады за ўсіх балеў! Гэта такія эмоцыі — стаяць і назіраць, як бягуць сапраўдныя прафесіяналы.

Паралімпійскі чэмпіён — пра кепскі зрок, захапленне Домрачавай і музычнае хобі
Фота са старонкі Юрыя Голуба "Вконтакте"

Еўрарадыё: Чым займаецеся ў звычайным жыцці?

Юрый Голуб: Апошнім часам маім звычайным жыццём быў толькі спорт. А ўвогуле, захапляюся музыкай, граю на некалькіх музычных інструментах. Я скончыў музычную школу па класе баяна, але цяпер мой профіль — гітара.

У Пхёнчхане вельмі сумую па сваіх гітарах. Яна ў мяне не адна! У працоўным стане цяпер адна электрычная і дзве акустычныя. Вельмі люблю граць блюз, рок-н-рол. Люблю рускі рок кшталту “Арыі”, ДДТ, “Машина Времени”. З беларускіх гуртоў захапляюся J:МОРС. Неаднойчы ў іх на канцэртах быў, вельмі крута.

Еўрарадыё: Якія яшчэ старты чакаюць у Пхёнчхане?

Юрый Голуб: Заўтра ў нас класічны спрынт, потым яшчэ гонка ў біятлоне 15 кіламетраў, але мы яе не пабяжым. Я пакуль не шмат і не вельмі ўпэўнена страляю. Пасля будзе класічная лыжная гонка на 10 кіламетраў, на яе стаўка.

Еўрарадыё: Што зробіце ў першую чаргу, калі вернецеся дадому?

Юрый Голуб: Маму абдыму!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі