Парашэнка паразмаўляў з Пуціным пра лёс Саўчанка і расійскіх спецназаўцаў
Пётр Парашэнка паразмаўляў з Уладзімірам Пуціным пра лёс Надзеі Саўчанка і расійскіх спецназаўцаў Яўгена Ерафеева і Аляксандра Аляксандрава. У панядзелак адбылася тэлефонная размова прэзідэнтаў Украіны і Расіі.
Як інфармуе УНІАН, Парашэнка заявіў, што Украіна заклікае Расію неадкладна вызваліць Саўчанка. Была дасягнутая дамова пра допуск да яе генеральнага консула Украіны ў Растове. Ці будуць дапушчаныя ўкраінскія і нямецкія лекары, невядома. Украінскі прэзідэнт заклікаў Пуціна вырашыць гэтае пытанне ў сувязі з пагаршэннем здароўя ўкраінкі.
Прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў паведаміў РІА "Новости", што падчас тэлефоннай размовы прэзідэнтаў абмяркоўвалася "ўрэгуляванне на паўднёвым-усходзе Украіны, бягучыя моманты двухбаковых адносінаў". Ён пацвердзіў, што гаворка ішла пра Саўчанка, Аляксандрава і Ерафеева.
Як паведамляла Еўрарадыё, учора ў Кіеве двое расійскіх вайскоўцаў, захопленых падчас боя ў траўні 2015 года ў Луганскай вобласці, былі асуджаныя на 14 гадоў пазбаўлення волі кожны. Іх прызналі вінаватымі ў "вядзенні агрэсіўнай вайны", "удзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі", "здзяйсненні тэрарыстычнага акта, што прывяло да смерці чалавека". Украінскі афіцэр Надзея Саўчанка 22 сакавіка сёлета была асуджана ў Расіі на 22 гады зняволення за, нібыта, удзел у забойстве расійскіх журналістаў пад Луганскам. Яе ўтрымліваюць у Расіі з лета 2014 года. За гэты час Саўчанка была абраная дэпутатам Вярхоўнай Рады Украіны, яна стала сімвалам украінскага супраціўлення.
Мяркуецца, што Кіеў і Масква могуць дамовіцца пра абмен Саўчанка на Ерафеева і Аляксандрава.